На мінулым тыдні карэспандэнт газеты «Раённыя будні» Руслан Басак прыняў удзел у здымках спартыўнай віктарыны тэлеканала «Беларусь 5» пад назвай «Гульня галавой».
Яшчэ ў канцы жніўня Руслан праходзіў кастынг для ўдзелу ў тэлевіктарыне. А напрыканцы лістапада яго запрасілі ў студыю Белтэлерадыёкампаніі для здымак.
Удзельнікі праекта «Гульня галавой» спаборнічалі ў чатырох перыядах, падчас якіх галоўны суддзя задаваў пытанні на спартыўную тэматыку. У першых трох этапах за правільны адказ удзельніку налічваліся 5 балаў, за няправільны балы здымаліся. У апошнім, чацвёртым, перыядзе гульцы павінны былі самі выбіраць складанасць пытання па шкале ад аднаго да трох. Таксама ўлічваліся балы, набраныя ў папярэдніх перыядах: кожныя 10 ачкоў перавагі над сапернікам давалі права дадатковага ходу. Пераможцам станавіўся той, хто хутчэй за ўсіх дабіраўся да фінішу ў апошнім этапе.
Пасля першага перыяду на рахунку Руслана было 10 балаў і ён размяшчаўся на другім месцы. У другім этапе ён паказаў добрую гульню і змог вырвацца на першае месца з 35 баламі. У трэцім перыядзе ўмацаваў сваё лідарства, набраўшы ў агульнай колькасці 60 балаў, што дазволіла яму ў апошнім этапе мець у сваім актыве два дадатковыя хады. Але, на жаль, Руслан не змог скарыстацца гэтай выдатнай магчымасцю і заняў толькі другое месца.
Мы віншуем нашага карэспандэнта з выдатным вынікам, жадаем не апускаць рукі, і каб у наступны раз поспех быў на яго баку.
Аб выхадзе выпуску з удзелам Руслана Басака на тэлеканале «Беларусь 5» мы паведамім пазней. Сачыце за навінамі ў нашай газеце і электронных рэсурсах.