Пятница, 14 июня 2024

Карэспандэнт «Раённых будняў» Уладзіслаў Шпарла стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Прэс-код»

345

У Брэсце падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Прэс-код», удзел у якім прыняў творчы работнік газеты «Раённыя будні».

Конкурс «Прэс-код» ладзіцца ў Беларусі другі год запар. З дапамогай яго арганізатары — Міністэрства інфармацыі Беларусі сумесна з ЦК БРСМ і пры падтрымцы Мінадукацыі — імкнуцца дапамагчы станаўленню маладых журналістаў.

Як і летась, у гэтым сезоне для ўдзельнікаў «Прэс-кода» прадугледжаны дзве ўзроставыя катэгорыі (16-21 і 22-31 год уключна) і шэраг намінацый. Аднак сёлета канкурсанты абараняюць свае работы, прычым двойчы. Першы раз — на ўзроўні вобласці, другі — на рэспубліканскім этапе.

Якраз абласны этап і правялі ў гэтую сераду на базе тэлерадыёкампаніі «Брэст». Па словах першага сакратара Брэсцкага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Юрыя Сегенюка, усяго заяўкі на абласны этап падалі каля 50 чалавек. На абарону запрасілі 25 лепшых, па меркаванні аргкамітэта, канкурсантаў. Сярод іх і быў загадчык аддзела вэб-інфармацыі рэдакцыі Пружанскай раённай газеты «Раённыя будні» Уладзіслаў Шпарла.

Карэспандэнт «раёнкі» прадставіў журы, у лік якога ўвайшлі кіраўніцтва ТРК «Брэст» і газеты «Брэсцкі веснік», прадстаўнікі «БРСМ» і абласной газеты «Заря», адзін са сваіх відэарэпартажаў — сюжэт пра рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні, што прайшлі ў Лядовым палацы Пружан у лютым. Да слова, гэтае і ўсе іншыя відэа, падрыхтаваныя Уладам, можна знайсці на нашым YouTube-канале, які так і называецца — «Раённыя будні».

Конкурсная камісія даволі высока ацаніла ўзровень работы Уладзіслава і тое, што яна была створана маладым журналістам цалкам самастойна — ад здымкі да напісання тэксту, мантажу.

У выніку наш калега быў прызнаны пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Прэс-код» у намінацыі «Лепшы відэасюжэт пра памятныя месцы Беларусі, вядомых людзей, знакавую падзею». Вось што сказаў пра конкурс сам Улад:

— Было вельмі прыемна пабываць на брэсцкай тэлерадыёкампаніі, убачыць калег, у тым ліку супрацоўнікаў «Радыё Брэст», дзе працаваў раней. А яшчэ павіншаваць абласную радыёстанцыю з 20-гадовым юбілеем, які яна нядаўна адзначыла, пагутарыць пра супрацоўніцтва. Не забывайцеся, што мы кожную сераду ў 12.00 гадзін сумесна з «Радыё Брэст» рыхтуем выпуск навін Пружанскага раёна. Слухайце яго на 105.6 FM. Што да конкурсу, то ўсе прадстаўленыя работы, а гэта і відэа, і тэксты, і фотарэпартажы, блогі і нават карыкатуры, — вельмі годныя. І ў маіх калег, і ў школьнікаў ёсць што пераняць. Правядзенне такога конкурсу — цікавая ідэя. Я вельмі рады, што і асабіста мяне, і YouTube-канал «Раённых будняў», са здымкай новых відэаролікаў для якога апошнім часам мне дапамагае наш фотакарэспандэнт Кацярына Масік, ацанілі, за што вялікі дзякуй журы.

Наперадзе ў нашага калегі — падрыхтоўка да рэспубліканскага этапу. Ён, як мяркуецца, пройдзе ў кастрычніку-лістападзе. Узнагародзяць яго пераможцаў на дзясятым юбілейным Форуме маладых журналістаў. Пажадаем Уладзіславу поспехаў!