Новая спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя» з’явілася сёлета на філалагічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна. 20 цяперашніх студэнтаў па заканчэнні ВНУ будуць спецыялістамі па рэкламнай дзейнасці, піяршчыкамі або журналістамі. Ужо з першых дзён выкладчыкі арганізоўваюць для хлопцаў і дзяўчат сустрэчы з практыкамі з гэтых сфер.
Па словах дацэнта кафедры рускай літаратуры і журналістыкі Святланы Клундук, у гасцях у «інфакама» ўжо пабывалі маркетолаг праекта slivki.by Марыя Грэчка, карэспандэнт тэлеканала «Буг ТВ» Ірына Ляўчук, аглядальнік аддзела палітычнай інфармацыі «СБ. Беларусь сегодня» Антон Папоў.
У мінулую пятніцу па запрашэнні Святланы Сяргееўны сустрэўся са студэнтамі і аўтар гэтых радкоў. Вельмі прыемна было вярнуцца ў alma mater, якую два гады таму скончыў сам, прайсціся па родных факультэцкіх калідорах. У такія моманты здаецца, што час спыняецца, а з добра знаёмай аўдыторыі, ледзь дачакаўшыся званка з пары, выбегуць аднагрупнікі…
Думаецца, што праз колькі гадоў аналагічныя пачуцці будуць узнікаць і ў гэтых маладых людзей. Калі наш выпуск быў апошнім па спецыяльнасці «Журналістыка (друкаваныя СМІ)», то яны – першыя, у каго ў дыпломе будзе зафіксавана ўжо новая спецыяльнасць – «Інфармацыя і камунікацыя». Таму як практык перш за ўсё арыентаваў студэнтаў на тое, каб яны распрацавалі нейкі ўласны праект, накшталт «Адкрытага Тыдня журналістыкі», які сем сезонаў запар праходзіў у сценах філфака і быў прыдуманы самымі першымі брэсцкімі студэнтамі-журналістамі.
Разам з хлопцамі і дзяўчатамі мы гаварылі, вядома, пра «Раённыя будні». Разабралі кантэнт і тэматычнае напаўненне газеты, звярнулі ўвагу на пастаянныя рубрыкі і афармленне, а яшчэ на тое, як раённае выданне прадстаўлена ў інтэрнэт-прасторы. Бадай, гэта больш за ўсё і цікавіла студэнтаў, а ўсё таму, што іх будучая праца звязана ў тым ліку з анлайн-камунікацыяй.
Студэнты з цікавасцю разглядалі новыя выпускі «Раённых будняў». Пыталіся пра дзяжурства па нумары газеты, пра склад рэдакцыі і пра тое, як журналістам удаецца знаходзіць сілы быць «у тонусе» 24/7. А мне было прыемна, што нашу «раёнку» ведаюць і нават часам чытаюць, прычым не толькі стараста групы, родзічы якой – з Пружаншчыны.
Наш дыялог доўжыўся паўтары гадзіны і праляцеў як адно імгненне. Спадзяюся, што ён быў карысным для «інфакамаўцаў», як і сустрэча з калегай з газеты «Навіны Камянеччыны» Ганнай Пацяйчук.
У завяршэнне застаецца толькі звярнуць увагу абітурыентаў-2023 на новую спецыяльнасць Брэсцкага дзяржуніверсітэта. Калі вы, паважаныя выпускнікі, хочаце прафесійна працаваць з інфармацыяй і ведаць усё пра камунікатыўныя працэсы, вам у БрДУ імя А.С. Пушкіна!
Уладзіслаў ШПАРЛА, фота аўтара.