Суббота, 18 января 2025

Карэкціроўка — не падаражанне? Разам з прадстаўнікамі райгазу палічылі, колькі давядзецца заплаціць за блакітнае паліва па новым кошце

431

У адным з нядаўніх нумароў «раёнка» адным радком напісала пра «карэкціроўку тарыфаў» на энерганосьбіты. Растлумачце, што мелася на ўвазе.

Са званка ў рэдакцыю.

Дапамажыце, калі ласка, разабрацца ў змяненнях тарыфнай палітыкі газавага забеспячэння. Для чаго ўведзена адзіная цана на блакітнае паліва? Ці сапраўды, як кажуць, зімой прыродны газ адчувальна падаражае?

Вера Піліпаўна, г.Пружаны.

Дыферэнцыяцыя рабілася «на вока»


Амаль дзесяць гадоў дзейнічала нарматыўная дыферэнцыяцыя газавых тарыфаў, якая была ўведзена ў 2013 годзе.

Нагадаем, што год забеспячэння газавым палівам умоўна падзяляўся на дзве паловы — зімовы і летні перыяды. Дакладнага падзелу не было: «мяжа» паміж сезонамі вызначалася рашэннем мясцовых выканаўчых органаў, якія, зыходзячы з сярэднясутачнай тэмпературы паветра, устанаўлівалі дату пераходу на зімовы або летні перыяд. Напрыклад, сёлета на Пружаншчыне было вырашана лічыць пачаткам цёплай паловы года 27 красавіка.

Аператыўны кантроль абсталявання вядзе брыгада Пружанскага раёна газазабеспячэння — старшы майстар Д.В.Лук’яновіч і слесары С.С.Клюкач, Г.П.Велясевіч, Г.В.Даміно.

Відавочна, што такі расклад ствараў істотныя цяжкасці ў налічэнні абаненцкай платы за спажытыя энергарэсурсы. У прыватнасці, адпаведнай службе, як расказвае старшы майстар Пружанскага раёна газавага забеспячэння Аляксандр Шпарла, даводзілася ўстанаўліваць, колькі абанент спажыў паліва за 26 красавіцкіх дзён па тарыфе 0,1494, а астатнія чатыры дні — па 0,5417 рубля.

Такая ж чахарда паўтаралася, калі афіцыйна ўстанаўліваўся пераход на халодны сезон. Больш за тое, некаторыя спажыўцы, разумеючы адчувальную розніцу паміж зімовым і летнім тарыфамі, за халодны перыяд «назапашвалі» пэўную эканомію, для чаго плацілі больш, чым спальвалі рэальна. Усе падобныя хітрыкі неабходна было кантраляваць шляхам адраснага абходу. Словам, яшчэ марнаваць час, прыцягваць дадатковых спецыялістаў.

Ці ёсць карысць?


Згодна з Пастановай №766 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, з 1 чэрвеня 2022 года ў папярэдняе нарміраванне спажывання блакітных энергарэсурсаў былі ўнесены змяненні. Уведзена адзіная цана на газ, незалежна ад пары года, — 0,1977 рубля. Некаторыя грамадзяне параўналі гэтую лічбу з раней дзеючым зімовым тарыфам і прыйшлі да высновы, нібыта абанентам давядзецца больш плаціць. На першы погляд, здаецца, што праўда ў такой выснове ёсць: маўляў, зімой спажыванне прыроднага газу павялічваецца ў 5-6 разоў, і пры відавочным росце цаны цяжар на сямейны бюджэт сур’ёзна ўзрасце.

А калі вылічыць сярэдняе матэматычнае значэнне за цэлы год? Гэтым мы і заняліся з Аляксандрам Міхайлавічам.

За аснову ўзялі рэальнага спажыўца, у якога дома ёсць абагравальны кацёл, газавая пліта і такі ж воданагравальнік (калонка). Зыходзячы з гэтага, былі адабраны штомесячныя аб’ёмы спажывання. Напрыклад, зімой такому абаненту неабходна да 300 «кубоў» блакітнага паліва ў месяц, а летам — не больш за 65 «кубоў». Атрымліваецца, што за каляндарны год вызначанаму домаўладанню патрэбна ў сярэднім 2190 кубаметраў прыроднага паліва, за якое абаненту па дыферэнцыяваным тарыфе давялося б заплаціць каля 480 рублёў.

Цяпер той жа аб’ём памнажаем на новую адзіную цану. У выніку атрымліваюцца затраты ў памеры 432 рублі.

Розніцу паміж былым і цяперашнім варыянтам падлічыць нескладана.

Адзіны тарыф дае «вольную»


Логіка ранейшага рашэння аб дыферэнцыяцыі тарыфаў даўно выклікала сумненні. Сабекошт паставак імпартнага газавага паліва не змяняецца, незалежна ад сезона, што відавочна на прыкладзе аўтамабільнага паліва, цана якога не прадугледжвае льготных скідак на зіму ці лета. Па тым жа прыкладзе зроблена і карэкціроўка тарыфаў на газ.

Дарэчы, ёсць у новым падыходзе яшчэ адна, пакуль невідавочная перавага. Кожны ўладальнік жылля з газавым ацяпленнем ведае, як бывае цяжка змагацца з жаданнем уключыць кацёл, калі афіцыйна восенню яшчэ не ўстаноўлены «халодны» сезон або вясной, падчас «цёплага» сезона, раптам здарацца замаразкі. Давядзецца ж плаціць амаль у чатыры разы больш! Цяпер падобныя сумненні і шкадаванні можна адрынуць і смела абаграваць дамы тады, калі гэта неабходна.

Газаправоды ахопліваюць усе жылыя мікрараёны г.п.Ружаны. Пры гэтым колькасць абанентаў у пасёлку штогод расце. І забяспечыць патрэбы ўсіх можа толькі адказная служба, якая аператыўна і зладжана рэагуе на ўсе заяўкі: у Ружанах дзейнічае асобны ўчастак газазабеспячэння. Свой унёсак у зладжаную работу калектыву робяць слесары М.А.Мядзведзеў і В.М.Калейнік.

Пры гэтым Аляксандр Шпарла нагадвае два моманты. Варта памятаць, што без змяненняў для ўладальнікаў газавага ацяпляльнага абсталявання ў дамах застаецца дыферэнцыяцыя тарыфаў, якія адлічваюцца ў залежнасці ад спажытых аб’ёмаў. Штогод з 1 студзеня плацельшчыкі падзяляюцца на 3 катэгорыі па памерах спажывання — да 3000, 3000-5500 і звыш за 5500 «кубоў». А таксама тое, што спажыўцы вынік ад пераходу на адзіную цану рэальна пабачаць толькі ў ліпеньскай аплаце за газазабеспячэнне.

У дадатак газазабяспечваючай арганізацыі неабходна сабраць звесткі для карэктнага налічэння платы па заканчэнні ацяпляльнага перыяду і пры пераходзе на новы тарыф з 1 чэрвеня 2022 года па прыборах індывідуальнага ўліку газу. Таму арганізацыя звяртаецца да ўсіх абанентаў з просьбай аднесціся з разуменнем і забяспечыць работнікам прадпрыемства бесперашкодны доступ для зняцця паказанняў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік і БелТА