Напачатку сутыкнення чалавецтва з кавідам лічылася, што вірус менш за ўсё пагражае дзецям і падлеткам, хаця яны могуць з’яўляцца яго пераносчыкамі. Аднак у чацвёртую хвалю з’явіліся трывожныя паведамленні аб сур’ёзным цячэнні хваробы і ў дзяцей.
Бацькі занепакоены і задаюць шмат пытанняў участковым урачам. На некаторыя з іх адказвае раённы педыятр Ірына Іванаўна Каўганка.
— Як працякае хвароба ў дзяцей у чацвёртую хвалю? І чым яе лечаць?
— Дзеці заражаюцца каранавіруснай інфекцыяй таксама, як і дарослыя. Толькі калі ў мінулым годзе было шмат бессімптомных носьбітаў, то цяпер у большасці выпадкаў кавід праяўляецца сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі без асаблівай спецыфікі — гэта чханне, пяршэнне ў горле, пакашліванне, кан’юнктывіт, насмарк, тэмпература. Пакутуюць у асноўным верхнія дыхальныя шляхі.
Лячэнне чыста сімптаматычнае: ёсць высокая тэмпература — даём гарачкапаніжальнае, ёсць кашаль — лечым яго. У антыбіётыках напачатку хваробы дзіця не мае патрэбы, іх прызначаюць, як і дарослым, толькі ў выпадку ўзнікнення бактэрыяльных ускладненняў. Вельмі карысныя багатае пітво, праветрыванні, падтрыманне аптымальнага ўзроўню вільготнасці ў памяшканні, дзе знаходзіцца дзіця.
— Ці могуць дзеці з лёгкімі сімптомамі ці ўвогуле з бессімптомным працяканнем хваробы перадаваць каранавірус іншым?
— Вядома, могуць, асабліва членам сваёй сям’і і пажылым сваякам. Таму поўнасцю выключайце кантакты дзяцей з імі. Навошта так рызыкаваць? Разлучэнне, здавалася б, «амаль здаровых» дзяцей з бабулямі і дзядулямі толькі на першы погляд можа здавацца строгай мерай.
— Давайце пяройдзем да статыстыкі. Колькі дзяцей у раёне перахварэла на кавід за апошнія два гады?
— Мы можам казаць толькі пра лабараторна пацверджаныя выпадкі. У мінулым годзе ў нас было 564 пацверджаныя тэсты. У гэтым за 10 месяцаў – 540, у пяці выпадках былі дыягнаставаны кавідныя пнеўманіі. Калі ўзяць агульную статыстыку за апошнія два гады, то на кавід перахварэла (зноў жа паводле тэстаў) крыху больш за 11% дзяцей і падлеткаў.
— Колькі тэстаў было зроблена ў 2021 годзе? І які тэст на кавід: мазок або аналіз крыві — лепш рабіць дзіцяці. У чым паміж імі розніца?
— У гэтым годзе было зроблена каля тысячы ПЛЦ-тэстаў, гэта больш, чым у шэрагу іншых рэгіёнаў. Гэта, заўважу, не значыць, што пружанцы хварэюць больш, проста мы імкнёмся своечасова выявіць хворае дзіця і хутчэй ізаляваць яго ад арганізаванага калектыву. У цэлым, гэты мазок з насаглоткі і гартані — асноўнае, што мы праводзім. Ён лічыцца адным з самых дакладных і паказвае актыўны працэс.
Па медыцынскіх паказаннях праводзім і імунаферментны аналіз на антыцелы да каранавіруса (ІФА). Для яго бяруць кроў з вены і вызначаюць, ці ёсць у арганізме пацыента антыцелы да каранавіруснай інфекцыі і ў якой колькасці. Але рабіць яго чалавеку ў першыя 10 дзён хваробы няма сэнсу: для выпрацоўкі антыцел арганізму патрэбны час.
— Якая колькасць хворых дзяцей сёння, дзякуючы тэстам, выяўляецца за дзень?
— Калі да пачатку чацвёртай хвалі ў нас выяўлялася не больш за 1-2 дзіцяці з каранавіруснай інфекцыяй, то за апошнія два дні такіх дзяцей было больш за 40.
— У параўнанні з дарослымі, на першы погляд, не так і шмат.
— Але посткавідныя наступствы ў некаторых дзяцей могуць аказацца не менш цяжкімі, чым у дарослых. Сёння, згодна з новым распараджэннем міністэрства аховы здароўя, мы абавязаны прыкладна праз месяц праводзіць агульнае абследаванне ў дзяцей, якія перахварэлі на кавід, са здачай аналізаў і праходжаннем кардыяграмы, паколькі ёсць рызыка ўскладненняў.
Калі ў дарослых – гэта так званы цытакінавы шторм (залішняя рэакцыя імуннай сістэмы на вірус), які прычыняе арганізму шкоду, можа прывесці да спынення работы органаў, то ў дзяцей — мультысістэмны запаленчы сіндром.
— У нашым раёне былі выпадкі такога ўскладнення?
— Так, але нашы ўрачы, на шчасце, ведалі, што дзеці перанеслі кавід, і дзейнічалі ў адпаведнасці з пратаколам лячэння. Гэта дазволіла аказаць своечасовую правільную дапамогу, выратаваць дзяцей.
Прызнаюся, да нядаўняга часу, як педыятр, я больш за ўсё ў жыцці баялася менінгакокавай інфекцыі. А зараз разумею, што каранавірусная — нават страшней, паколькі мы не ведаем, якія «сюрпрызы» могуць паднесці новыя штамы.
— Дзе лечаць дзяцей з цяжкімі формамі каранавіруснай інфекцыі?
— Мы іх шпіталізуем у інфекцыйнае аддзяленне Пружанскай ЦРБ. Цяпер у нас там лечыцца пяць дзяцей рознага ўзросту (ад некалькіх месяцаў да 14-ці гадоў). А дзеці з мультысістэмным запаленчым сіндромам шпіталізуюцца ў інфекцыйную абласную бальніцу або Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу (адно дзіця з Пружан ляжыць там зараз у рэанімацыі).
— Ці хварэюць дзеці рознага ўзросту па-рознаму? Ці небяспечны Covid-19 для яшчэ ненароджаных і нованароджаных?
— Магу толькі сказаць, што зусім маленькія дзеці больш уразлівыя перад вірусам, чым астатнія ўзроставыя групы. У іх меншыя дыхальныя шляхі, яны не настолькі яшчэ памацнелі для барацьбы з небяспечнай інфекцыяй. Самаму маленькаму нашаму пацыенту з кавідам было толькі два тыдні.
— Як можна абараніць сваё дзіця ад заражэння каранавірусам?
— Метады прафілактыкі і аховы для дзяцей, як і для дарослых, аднолькавыя. Яны рэкамендуюцца Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, членам якой з’яўляецца і Беларусь. Па-першае, гэта каранцінныя меры з ізаляцыяй хворых і кантактных. Па-другое, гэта масавая вакцынацыя. Трэцяе — выкананне кожным чалавекам, у тым ліку дзецьмі, санітарна-гігіенічных нормаў. Вучыце дзяцей добра мыць рукі, не дакранацца да твару і старацца па магчымасці пазбягаць месцаў масавага збору людзей. Тлумачце ім, што нашэнне маскі ў пандэмію — гэта прыкмета высокай культуры грамадства.
— А ці можна дзецям падчас самаізаляцыі гуляць на вуліцы? І як умацаваць іх імунітэт?
— Гуляць на свежым паветры можна, пры ўмове поўнага выключэння кантактаў з іншымі людзьмі. А для ўмацавання імунітэту дзеці павінны добра харчавацца, высыпацца, не ператамляцца ў пагоні за «дзясяткамі» ў школе і паўнавартасна адпачываць.
Дарэчы, вельмі дзейснай мерай у барацьбе з хваробамі з’яўляецца фарміраванне ў дзяцей, як і ў дарослых, стрэсаўстойлівасці. Любыя псіхалагічныя праблемы могуць адбіцца на стане імунітэту. Таму вельмі важны настрой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
— Наколькі бацькам варта турбавацца з нагоды частых «звычайных» хвароб у дзіцяці?
— Бацькам варта турбавацца ў тым выпадку, калі дзіця доўга не папраўляецца, хварэе з паўторным праходжаннем працяглага курсу антыбіётыкаў і рознымі ўскладненнямі. Некалькі пнеўманій і атытаў у год — ужо нагода звярнуцца да імунолага. Імунны статус дзіцяці можна вызначыць у Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы. Калі ён будзе нізкім, то спецыяліст парэкамендуе далейшае абследаванне і лячэнне.
— Сёння асабліва вострай стала тэма вакцынацыі. Ці можна пры цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі рабіць планавыя дзіцячыя прышчэпкі?
— Ніякага закона аб адмене або прыпыненні правядзення прышчэпак у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай няма. Усе планавыя прышчэпкі праводзяцца намі, згодна з нацыянальным календаром, па папярэднім запісе. Такім чынам, урачы робяць усё магчымае, каб да кавіду не далучылася яшчэ нейкая інфекцыйная хвароба.
Заўважу, што атыты, пнеўманіі і рэцыдыўныя бранхіты ў асноўным выклікаюцца пнеўмакокам. Таму мы рэкамендуем прышчапляць дзяцей, якія часта хварэюць, вакцынай «Прэвенар». Яна падыходзіць нават дзецям з цукровым дыябетам і бранхіяльнай астмай. Прышчэпкі робяцца бясплатна.
— Ці вакцынуюць дзяцей ад кавіду?
— У Беларусі пакуль дзяцей ад каранавіруснай інфекцыі не прышчэпліваюць.
— Што Вы параіце нашым чытачам?
— Калі ласка, прыслухоўвайцеся да рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая назапашвае каштоўны вопыт лячэння і прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі ў розных краінах.
Жадаю ўсім здароўя!
Гутарыла Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік