Узрост – гэта толькі лічбы! Доказам гэтых слоў сталі ўдзельніцы міжрэгіянальнага конкурсу таленту і творчасці сярод жанчын старэйшага ўзросту «Каралева Вясна – 2024», арганізатарамі якога выступілі ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» сумесна з аддзелам культуры Пружанскага райвыканкама.
Удзел у конкурсе прынялі сем прадстаўніц розных тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Брэсцкай вобласці. Конкурсная праграма складалася з трох этапаў. Ацэньвала выступленні канкурсантак аўтарытэтнае журы на чале з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віталіем Матвіенкам.
Падчас дэфіле «Знаёмства» можна было насамрэч пазнаёміцца з кожнай з удзельніц. Варта адзначыць, што ўсе прадэманстравалі незвычайныя і цудоўныя вясновыя вобразы, паказалі чароўнасць і загадкавасць жаночай душы, стан якой зусім не залежыць ад узросту.
І вось надышоў час другога конкурсу пад назвай «Люблю наш край, старонку гэту». У ім кожная канкурсантка прадставіла нумар у нацыянальным касцюме свайго рэгіёна, расказала пра сябе і мясціны, дзе яна пражывае. Кожная з удзельніц зрабіла гэта па-свойму, прадэманстравала творчы падыход, што зрабіла конкурс цікавым і разнастайным. Некаторыя жанчыны нават уручылі членам журы гасцінцы са свайго краю.
І, нарэшце, у заключным конкурсе «Мінута славы» ўдзельніцы мерапрыемства па-сапраўднаму раскрылі свае таленты. Жанчыны падрыхтавалі творчыя нумары ў розных жанрах, і іх выступленні не пакінулі абыякавымі ніводнага чалавека ў зале. Тут былі песні, танцы і нават пастаноўкі, якія суправаджаліся бурнымі авацыямі.
Акрамя выступленняў удзельніц, можна было атрымаць асалоду і ад нумароў творчых калектываў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту: квартэта «Гармонія», гурткоў «Скандынаўская хадзьба» і «Аэробіка», клуба «Дольчэ Віта». Сваімі музычнымі падарункамі гледачоў парадавалі ўдзельнікі клуба «Нам гады не бяда» гарадскога Палаца культуры Тамара Андрайчук і Анатолій Галяшчыхін пад акампанемент Тамары Юшчук, а таксама Варвара і Надзея Карташэвіч і вакальнае трыа Палаца культуры «Твіст».
А вось каму выпаў у гэты дзень незайздросны лёс, дык гэта членам журы. Ім было неабходна зрабіць неверагодна цяжкі выбар — вызначыць уладальніцу тытула «Каралева Вясна – 2024».
Па выніку, у намінацыі «Місіс Жаноцкасць» пераможцай стала Таісія Бойка (Івацэвіцкі ТЦСАН). У намінацыі «Місіс Элегантнасць» перамогу атрымала ўдзельніца пад нумарам чатыры, Таццяна Раевіч (Жабінкаўскі ТЦСАН). У намінацыі «Місіс Арыгінальнасць» не было роўных Лідзіі Вістуновай (Бярозаўскі ТЦСАН). «Місіс Абаянне» стала Зінаіда Тарнагурская (ТЦСАН Баранавіцкага раёна). «Місіс Артыстычнасць» — наша зямлячка Наталля Бабрук (Пружанскі ТЦСАН). Узнагарода «Місіс Упэўненасць» дасталася Надзеі Саннікавай (Кобрынскі ТЦСАН). Ну, і пераможцай, а па сумяшчальніцтве «Каралевай Вясной —2024» стала Ніна Шаўчэня (ТЦСАН Ленінскага раёна горада Брэста).
Усе пераможцы атрымалі дыпломы і памятныя сувеніры. Спонсарамі мерапрыемства выступілі Пружанская раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын», Пружанская раённая арганізацыя РГА «Белая Русь», Пружанская раённая арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру».
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_302372229 і https://ok.ru/budni/album/977724137608