Воскресенье, 19 января 2025

Капрызныя, пяшчотныя, элегантныя… архідэі Таццяны Лось

827

Многія людзі, калі выходзяць на пенсію, зусім не радуюцца гэтаму. Яны не ведаюць, куды сябе падзець, адчуваюць сябе непатрэбнымі і ад гэтага нават упадаюць у дэпрэсію. Многія, але толькі не Таццяна Лось. Яна знайшла сабе занятак па душы задоўга да выхаду на заслужаны адпачынак. Вырошчванне і догляд разнастайных архідэй патрабуе шмат часу і прыносіць ёй велізарнае задавальненне. І, як мне здалося, нават вяртае маладосць. 

На сённяшні дзень у Таццяны больш за 160 архідэй, і яна можа гадзінамі распавядаць пра кожную расліну, нібы пра жывую істоту, як пра члена сям’і.  Кожная кветка ўнікальная, выдатная і любімая. «Непрыгожых архідэй не бывае»,— кажа гаспадыня гэтага незвычайнага кветніка.


А пачалося ўсё з таго, што тры гады таму на дзень нараджэння родныя падарылі ёй парачку архідэй. На жаль, ад няведання, як іх даглядаць, неўзабаве яны зніклі, але не знікла цікавасць да гэтых экзатычных раслін. Цяпер, вывучыўшы розную літаратуру, наша гераіня можа «рэанімаваць» амаль любую архідэю.

Пытаюся ў яе, як блізкія ставяцца да такога захаплення?
— Ведаеце, падтрымліваюць, — кажа Таццяна. — Першы час усе дарылі новыя сарты. А калі скончылася месца на падаконніках, муж не пашкадаваў сродкаў і сіл — змайстраваў стэлаж з падсветкай. Унучка Аліса, якой крыху больш за год, дапамагае назіраць за гэтай прыгажосцю, правярае кожную кветачку.

А якіх толькі сартоў тут няма: духмяныя, міні, мідзі, стандарт, мультыфлора. Пра кожны жанчына можа расказваць бясконца.
Напрыклад, «Парфумерная фабрыка» прыцягвае калекцыянераў архідэй не толькі за дзіўную прыгажосць кветак, узораў на лісці, а і за цудоўны водар, які струменяць гэтыя прыгажуні. Наогул водар архідэй вельмі разнастайны: ад самага далікатнага з ноткамі мёду і ванілі да паху тухлага мяса.

Архідэя «Дзікі кот» выдзяляецца эксклюзіўным выглядам. Гэтая кветка мае леапардавую афарбоўку і здольна ўпрыгожыць любую кватэру.
«Гарызонт» – выдатны сорт, які не дастаўляе асаблівых клопатаў. Ён можа пахваліцца моцным здароўем і здольнасцю прыстасоў-вацца да любых умоў. 
«Лас Вегас» – экзатычны прадстаўнік сартавых архідэй з незвычайным залаціста-гарчычным адценнем бутонаў.
Капрызныя сарты «Аркс Рэй», «Месяц» і «Абба» — яны вельмі павольна нарошчваюць карані.

Таццяна Лось з радасцю дзеліцца вопытам і ведамі з усімі аматарамі гэтых цудоўных кветак. Расказала яна і чытачам газеты пра маленькія сакрэты вырошчвання архідэй фаленопсіс,  якія заваявалі сэрцы кветкаводаў за сваю дзіўную прыгажосць, пяшчоту, цудоўны водар і прастату ў доглядзе.

Куды трэба садзіць архідэю: выбіраем субстрат і ёмістасць.
— Архідэі ў прыродзе жывуць на дрэвах, якія служаць ім апорай, яны дыхаюць і сілкуюцца праз свае карані. Таму ёмістасць павінна быць празрыстай, можна выкарыстоўваць нават пластыкавую бутэльку, калі абрэзаць яе рыльца і зрабіць адтуліны разагрэтым прутком знізу і па баках для вентыляцыі каранёў. Субстрат пажадана браць спецыяльны для архідэй, у складзе якога ёсць дрэўная кара і керамзіт.

Ці трэба перасаджваць архідэю пасля куплі?
— Калі кветка выглядае здаровай, гэта рабіць неабавязкова, хаця я перасаджваю заўсёды. Калі ж стан расліны патрабуе рэанімуючых дзеянняў, а субстрат трэба замяніць, архідэю перасаджваюць праз 8-12 дзён пасля куплі. За гэты час кветка адаптуецца ў новых умовах і лягчэй перанясе стрэс. Пры гэтым добрыя кавалачкі кары ў субстраце лепш пакінуць.

Як  паліваць і чым падкормліваць?
— Змяшчаем вазон з каранёвай сістэмай расліны над ёмістасцю і праліваем вадой па краі вазона, трымаючы карані пад нахілам (як на здымку). Лісце і сцябло не павінны датыкацца да вады. Даём пастаяць 10 мінут і выдаляем лішкі вады.  
Для стымуляцыі росту каранёў і развіцця расліны выкарыстоўваем «Янтарын». Разводзім 2 кубікі на 1 літр вады. Дастаткова гэта рабіць адзін раз у два тыдні.

Што рабіць, калі жоўкне лісце?
— Абавязкова праверце шыйку кветкі. Часам з-за няправільнага паліву яна пачынае загніваць. Усю гніль трэба выдаліць і кропкава апрацаваць перакісам вадароду ці зялёнкай, сухое лісце акуратна абрэзаць. Натуральнае жаўценне ад старасці ніжніх лістоў не павінна хваляваць. Не варта іх выдаляць.

Ці трэба абразаць кветанос пасля цвіцення?
— Абразаць трэба, але не цалкам, да першай жывой пупышкі. Тады ён яшчэ доўгі час будзе радаваць вас кветкамі.  Хоча цвісці – хай цвіце! Ніякага гвалту над прыродай.

Якім павінна быць асвятленне?
— Архідэя, як і ўсе іншыя расліны, паглынае сонечнае святло. З сярэдзіны кастрычніка архідэям ужо трэба дадатковае асвятленне. Святло можа быць як цёплым, так і халодным. Змяшчаць дадатковую крыніцу святла трэба ў 50-60 сантыметрах ад верхняга краю ліста. Пажадана набыць спецыяльную фіталямпу. Калі расліне не будзе хапаць святла, то яна не зможа закласці кветкавыя пупышкі. 

Больш фота тут https://vk.com/album-23306785_282153229

Падрыхтавала Кацярына МАСІК (тэкст і фота)