Пытанні правядзення рамонту дамоў цікавяць усіх уласнікаў жылля старога жылфонду. Як камунальшчыкі вырашаюць, каму капітальны ці бягучы рамонт патрэбны больш? На якія віды работ падчас іх правядзення можна не разлічваць? Пытанняў да службы ЖКГ у насельніцтва шмат. Але самае частае: «Калі рамонт у нашым доме?».
Дзе летась камунальная служба зрабіла рамонт, а дзе на яго могуць разлічваць сёлета, расказала начальнік планава-тэхнічнага аддзела Пружанскага КУВП «Камунальнік» Галіна Гардзей.
— Калі заходзіць гаворка пра капітальныя рамонты, жыльцы звычайна запэўніваюць, што іх дом ледзь не самы стары на Пружаншчыне, і прыводзяць іншыя аргументы, каб запэўніць у неабходнасці яго рамантаваць, — гаворыць Галіна Пятроўна. — Але варта разумець, што рашэнні аб правядзенні капітальных рамонтаў жылых дамоў прымаюцца не ў апошні момант — загадзя складаюцца графікі: бягучыя плануюцца на адзін год, перспектыўныя — на пяць. І толькі яны з’яўляюцца падставай для правядзення работ.
— Адначасова ўсюды работы правесці немагчыма — гэта зразумела. Таму людзей вельмі цікавіць, як вызначаецца, дзе з капрамонтам адцягваць нельга, а дзе можна пачакаць?
— Пры складанні графікаў капітальных рамонтаў мы кіруемся выключна нарматыўнымі дакументамі. У кожнага будынка ёсць свой эфектыўны тэрмін эксплуатацыі. Але ўлічваецца не проста «ўзрост» будынка, але і тэхнічны стан жылога дома, яго канструктыўных элементаў, інжынерных сістэм, заключэнне аб якім робіцца на падставе абследавання, і многія іншыя нюансы. У некаторых выпадках пералік работ у праектна-каштарыснай дакументацыі можа адрознівацца: калі, напрыклад, дах у добрым стане, не працякае, што на ім рамантаваць і навошта выдаткоўваць на гэта грошы?
— Галіна Пятроўна, нашых чытачоў вельмі цікавіць, жыхары якіх дамоў сёлета могуць разлічваць на рамонты?
— Калі на ўвазе маеце толькі капітальныя рамонты, то іх правядзенне запланавана ў дамах №6 па вуліцы Юбілейнай у Пружанах (тут прадугледжаны работы па пашыраным пераліку), №1 і №7 па вуліцы Шубіна ў Шчарчове. Капрамонт чакаецца і ў доме №8 па вуліцы Паркавай у райцэнтры, але там запланавана толькі замена інжынерных сетак.
Да ведама, на правядзенне капрамонтаў плануецца накіраваць каля 620 тысяч рублёў з раённага бюджэту, крыху менш — каля 605 тысяч рублёў — адлічэнняў грамадзян.
У мінулым годзе ў гэты спіс трапілі толькі гарадскія шматпавярхоўкі: дамы №14 па Інтэрнацыянальнай, №65 па Кобрынскай, №73 і №75 па Касцякова. У асноўным там былі зроблены рамонты дахаў, фасадаў, балконаў і лоджый.
— А бягучыя рамонты таксама плануюць так дакладна?
— Вядома. Як і ў выпадку з капітальнымі рамонтамі, усё таксама рэгламентуецца дакументамі. На сённяшні дзень у пералік уваходзіць амаль дваццаць відаў работ: ад рамонту дожджапрыёмных сістэм, да рамонту ганкаў і адмостак. Дарэчы, часта жыльцы патрабуюць, каб у іх пад’ездзе быў зроблены рамонт, як кажуць, «пад ключ». Таму, карыстаючыся магчымасцю, у чарговы раз нагадаю: сёння рамонт пад’езда выконваецца толькі за кошт уласных сродкаў жыльцоў дома, у тым ліку і замена ўваходных дзвярэй. Мы можам, напрыклад, аднавіць тынкоўку, заштукаваць выбоіны на сценах, адрамантаваць ці замяніць уваходныя дзверы ў пад’езд, але на дагаворнай аснове. Выключэнне складаюць вокны, калі гэта замена не на вокны ПВХ.
Напрыклад, замена старых уваходных дзвярэй і вокнаў у пад’ездзе пры ўмове высокага працэнта іх зносу робіцца і ў рамках капрамонту. А ў рамках бягучага гэта магчыма ўжо толькі за сродкі грамадзян.
— Якія дамы ўвайшлі ў план па бягучых рамонтах на гэты год?
— Іх некалькі дзясяткаў. У кожным на падставе вясенняга і асенняга планавых аглядаў жылфонду запланаваны розныя работы. На іх правядзенне з раённага бюджэту выдзелена больш за 215 тысяч рублёў. Летась такіх аб’ектаў было больш за дзве сотні. На іх выдаткавалі каля 364 тысяч рублёў. Хочацца адзначыць, што план складаецца ў межах выдзеленых бюджэтных асігнаванняў. Але здараецца і так, што ён можа карэкціравацца: працяканне дахаў і стыкаў сценавых панэляў ліквідуецца ў першачарговым парадку.
— Нярэдка жыльцы дамоў, якія знаходзяцца на абслугоўванні «Камунальніка», скардзяцца на аб’ёмы правядзення работ. Што часцей за ўсё патрабуюць?
— На працягу апошніх гадоў, бадай, часцей за ўсё каменем спатыкнення з’яўляецца добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый пры правядзенні капітальных рамонтаў: людзі патрабуюць усталяваць лаўкі, дзіцячыя пляцоўкі, малыя архітэктурныя формы. Мы адмаўляем і маем на тое падставу. Справа ў тым, што з 2016 года гэты від работ — не наша прэрэагатыва: камунальная служба абавязана толькі аднавіць месцы, парушаныя пры выкананні работ.
Гэта ж тычыцца і пашырэння аўтапарковак. Сёння, калі аўтамабіль ёсць практычна ў кожнай сям’і (а то і не адзін), недахоп машына-месцаў на стаянцы каля дома стаў праблемай. Згодна з дзеючымі нарматывамі, сёння мы прапануем жыльцам аплаціць неабходныя матэрыялы, а прадпрыемства бясплатна акажа транспартныя паслугі па іх дастаўцы. Праўда, пакуль гэтым скарысталіся жыльцы ўсяго толькі аднаго дома — №304 у Слабудцы, дзе была ўладкавана аўтапаркоўка.
— Больш за ўсё нараканняў у насельніцтва на работу службы ЖКГ. Галіна Пятроўна, назавіце некалькі адрасоў, па якіх летась былі задаволены неаднаразовыя, працяглыя скаргі жыльцоў.
— Жыхары дома №48 па вуліцы Цэнтральнай у Шанях скардзіліся на сырасць у кватэрах. Адрамантавалі фасад і дах, даўцяплілі тарцы дома — праблема была знята.
Большая частка сродкаў за мінулы год была накіравана на Новыя Засімавічы, адкуль прыходзіць найбольш скаргаў: стары жылы фонд, які пераважна складаюць панэльныя дамы, дастаўляе шмат клопатаў. Грошы былі выдаткаваны пераважна на рамонт стыкаў, вентканалаў і ліўневай каналізацыі, а таксама замену свяцільняў.
— Ну, і раскажыце пра самыя актуальныя, чакаемыя аб’екты, рэалізацыя якіх запланавана на гэты год.
— За грошы з рэспубліканскага бюджэту, якія былі атрыманы як прэмія за прызавое месца па выніках агляду санітарнага стану населеных пунктаў, ужо куплена два дзіцячыя гульнёвыя комплексы. Іх устанавілі на вуліцах Вашкевіча і Юбілейнай. За кошт долевага фінансавання ў Ружанах плануецца будаўніцтва сетак каналізацыі па вуліцах Лугавой і Набярэжнай. Акрамя таго, яшчэ больш жыхароў раёна сёлета будзе забяспечана якаснай пітной вадой: станцыі абезжалезвання павінны з’явіцца ў Гарадзечне, Магілёўцах, Хараве і Сланімцах.
Гутарыла Марына Вакульская.
На здымку: новая дзіцячая пляцоўка па вул. Вашкевіча.