Суббота, 24 января 2026

Кантроль за дарогамі

679

Новы эфектыўны інструмент для кантролю і выяўлення парушэнняў Правіл дарожнага руху вырашылі прымяняць супрацоўнікі ДАІ ў нашым раёне. Пакуль інспектары вывучаюць асаблівасці выкарыстання гэтай тэхнікі, распрацоўваюць алгарытмы наглядных мерапрыемстваў. У чым ім аказваюць дапамогу работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, знакомяць з гэтай лятальнай тэхнікай, якую асвоілі даволі даўнавата.

Як расказвае начальнік аддзялення ДАІ Сяргей Мышкевіч, ужо першыя рэйдавыя праверкі далі станоўчы вынік.

— Дроны дапамагаюць «бачыць» сітуацыю на дарозе на вялікай адлегласці,— тлумачыць Сяргей Міхайлавіч.— Акрамя таго, практычна ніхто з вадзіцеляў іх не заўважае. А вось мы адразу выяўляем парушальніка хуткаснага рэжыму або правіл абгону, якога квадракоптар літаральна вядзе «у рукі» інспектараў.

Менавіта на няправільныя абгоны лепш за ўсё засяроджвае ўвагу нябесная тэхніка, якой з вышыні парушэнні лепш за ўсё бачна. І, безумоўна, увесь працэс абавязкова фіксуецца на відэаносьбіты, каб потым мець пацвярджэнне выяўленаму факту.

Бясспрэчна, у карыстанні беспілотнікаў ёсць нямала абмежаванняў, галоўныя сярод якіх — атмасферныя ападкі і моцны вецер. Нельга забываць і пра зарад акумулятараў. Але ў любым выпадку, як сцвярджаюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, дронавы кантроль поўнасцю не заменіць інспектараў, а таксама іншыя метады кантролю, якія дагэтуль шырока прымяняліся.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік