Четверг, 16 января 2025

Кансультацыі па крымінальных і грамадзянскіх справах, афармленне дакументаў, прававая дапамога. 30 гадоў працуе адвакатам Надзея Станкевіч

357

Сёння адзначаецца 100-годдзе ўтварэння адвакатуры Рэспублікі Беларусь. Сёлета ў Надзеі Станкевіч таксама юбілей: яна адзначыла 30-годдзе сваёй прафесійнай дзейнасці.

У маі 1992 года жанчына вырашыла стаць адвакатам і да сённяшняга дня не здраджвае свайму выбару. Падлічыць, колькім людзям яна дапамагла за гэты час, складана, але ў любым выпадку лік будзе весціся на тысячы. Толькі з пачатку бягучага года Надзея Міхайлаўна выканала амаль 40 даручэнняў па крымінальных справах, правяла 27 бясплатных кансультацый, у дадатак аказала прававую дапамогу ў 31 грамадзянскай справе і 18 чалавекам — у афармленні дзелавой дакументацыі. Яна рэгулярна выступае ў якасці анлайн-кансультанта.

За час прафесійнай дзейнасці вопытны адвакат раённай юрыдычнай кансультацыі неаднаразова адзначаўся падзякамі і граматамі ўпраўлення юстыцыі, абласной і рэспубліканскай калегіі адвакатаў Беларусі.

Як зазначае Надзея Міхайлаўна, кандыдату, які вырашыць выбраць такую спецыяльнасць, трэба валодаць многімі якасцямі, у тым ліку быць псіхолагам, правільна распараджацца эмоцыямі.

Назапашаны вопыт, багаж ведаў і актыўная грамадзянская пазіцыя Надзеі Станкевіч высока цэніцца ў адвакацкай суполцы нашай краіны. Спецыяліст уключана ў базу настаўнікаў для маладога папаўнення. А яшчэ яна выбрана дэлегатам на першы з’езд адвакатаў Рэспублікі Беларусь, які запланаваны на ліпень бягучага года.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік