Суббота, 12 октября 2024

Канстанцін Панімаш: «Наш абавязак — памятаць усіх загінулых»

881

Паважлівае стаўленне да памяці абаронцаў Айчыны і  ахвяраў войнаў з’яўляецца святым абавязкам для ўсіх грамадзян Беларусі. Асаблівыя задачы ў гэтай сферы ўскладзены на аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Напярэдадні знамянальнай даты — 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – яго начальнік К.І.Панімаш распавёў карэспандэнту “раёнкі” аб тым, якая вядзецца работа па ўвекавечанні памяці загінулых.

— Канстанцін Іванавіч, ведаю, што спецыялісты аддзела цесна супрацоўнічаюць з пошукавікамі па выяўленні ў нашым раёне невядомых пахаванняў.

—  Адразу заўважу, што мае падначаленыя не толькі шукаюць, а вядуць дакладны ўлік пахаванняў, сістэматызуюць іх. У прыватнасці, складаюць на іх пашпарты, рэгулярна ўдакладняюць  звесткі аб загінулых. Дарэчы, у гэтай справе намі наладжана цеснае супрацоўніцтва з сельскімі выканаўчымі камітэтамі, Пружанскім раённым ваенным камісарыятам, упраўленнем па ўвекавечанні памяці  загінулых ахвяраў войнаў Міністэрства абароны і краязнаўцамі. Па меры неабходнасці намі робяцца запыты ў архівы.

— Назавіце, калі ласка, канкрэтныя лічбы помнікаў раёна, якія звязаны з ваеннай гісторыяй.

— На сённяшні дзень на тэрыторыі Пружаншчыны ўзята на ўлік 67 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяраў войнаў, 37 памятных знакаў. Сярод іх найбольшая колькасць адносіцца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны — 53. На Пружаншчыне пахавана 9 воінаў-інтэрнацыяналістаў. На ўліку таксама знаходзяцца адна брацкая магіла часоў вайны 1812 года, двое нямецка-аўстрыйска-расійскіх могілак Першай сусветнай вайны і два пахаванні савецка-польскай вайны. За ўсімі помнікамі замацаваны адказныя ўстановы, прадпрыемствы і арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі іх добраўпарадкавання. 

— Якія мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці Вы лічыце найбольш значнымі?

— У мінулым годзе на дзяржаўны ўлік было ўзята 8 пахаванняў, за першыя месяцы 2020 года выяўлена яшчэ 4 пахаванні, на якія рыхтуюцца адпаведныя дакументы. Намі было ўстаноўлена 14 імёнаў загінулых, выпраўлены звесткі аб 10 ваеннаслужачых і ахвярах войнаў. Дарэчы, шэраг з іх быў устаноўлены, дзякуючы дакументам, дадзеным нашчадкамі, якія звярталіся ў Пружанскі райвыканкам. Увогуле, у мінулым годзе было шэсць зваротаў па пытаннях увекавечання памяці ад грамадзян Беларусі і Расіі. Выяўленыя імёны былі нанесены на помнікі на брацкіх магілах у г. Пружаны, вёсках Парасляны, Слабудка, Краснае, Брады, аграгарадках Шчарчова, Вялікае Сяло, Стараволя і іншых.

— Наколькі вядома, многія звароты з-за мяжы дазволілі наладзіць цеснае супрацоўніцтва ў пошукавай справе і аказаць канкрэтную дапамогу.

— Так, у мінулым годзе да нас звярнуліся грама-дзянкі Расіі Святлана Прастова і Ірына Раманава з просьбай увекавечыць імя іх бацькі і дзеда Аляксандра Карцэўскага, які служыў у 33-м знішчальным авіяпалку. У выніку сям’я лётчыка выдзеліла фінансавыя сродкі на добраўпарадкаванне сквера па вул. Чырвонаармейскай і помніка Сцяпану Гудзімаву ў Пружанах. Таксама плануецца ўсталяванне мемарыяльнай пліты з імёнамі аднапалчан Гудзімава, у тым ліку А. Карцэўскага.

— Сустрэчнае пытанне: а ці выдзеляюцца нейкія сродкі з раённага бюджэту на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў?

— Вядома. У 2019 годзе на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў райвыканкамам было выдаткавана 18546 рублёў. За іх адрамантавалі мемарыялы ў в. Парасляны, аграгарадках Шчарчова і Стараволя. Таксама паставілі помнік на магіле партызанкі М.Галышка (г.п. Шарашэва), усталявалі пліты з імёнамі пахаваных на брацкай магіле ў г. Пружаны. Дадам, у гэтай справе значна дапамаглі сродкі, заробленыя на суботніках. Дзякуючы ім, нам удалося правесці рамонт помнікаў у аг. Роўбіцк, вёсках Брады і Паўлава, спілаваць аварыйныя дрэвы. На іншых помніках за кошт уласнікаў аб’ектаў і з дапамогай гаспадарак таксама праводзіліся пэўныя работы. Агульная сума сродкаў на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў у 2019 годзе склала 42612 руб.

— Што ў планах на 2020?

— Работа па ўвекавечанні памяці загінулых і ахвяраў войнаў носіць пастаянны характар. Па меры выяўлення новых фактаў будзем па-ранейшаму ўносіць змяненні ва ўліковыя дакументы, рыхтаваць новыя пашпарты.

Працягнем весці перапіску з архіўнымі ўстановамі, збіраць успаміны відавочцаў. Адказныя ўстановы, арганізацыі, прадпрыемствы пры станоўчых умовах надвор’я правядуць добраўпарадкаванне аб’ектаў ваеннай гісторыі. Тым больш, што ў 2020 годзе на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў з раённага бюджэту таксама плануецца выдзеліць 18000 рублёў. Такім чынам, наперадзе шмат работы. Увекавечыць памяць аб усіх загінулых — наш агульны абавязак!

Гутарыла Алена Зялевіч.