Пятница, 13 декабря 2024

Канцэрт дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы

279

Расказваючы пра калейдаскоп навагодніх мерапрыемстваў, нельга не звярнуць увагі і на справаздачны канцэрт дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы, які прайшоў у Палацы культуры.

Яго адкрылі навучэнцы 5-га класа харэаграфічнага аддзялення эфектным танцам «Зімовае святло», які быў пастаўлены педагогам Вікторыяй Бортнік. І менавіта гэты прыгожы танец даў лейтматыў усяму канцэрту.

Вядучыя Вольга Грышкевіч і Наталля Бабрук адзін за адным запрашалі на сцэну музыкантаў, спевакоў і танцораў. Калектывы і салісты рознага ўзросту падрыхтавалі вельмі цікавыя і часам незвычайныя нумары і падарылі гледачам добры настрой. Улічваючы тое, што ў зале нямала было мам і тат, бабуль і дзядуль юных талентаў, то можна было не толькі пачуць бурныя апладысменты, а нават убачыць слёзы радасці і хвалявання.

Вельмі крануў хор малодшых класаў «Вясёлка» пад кіраўніцтвам Кацярыны Куксы: дзеці спелі кампазіцыю «Калыханка», падчас якой выконвала сола на флейце Яна Сергяйчук. Шматлікія гледачы нібы апынуліся ў сваім дзяцінстве. А яшчэ былі струнны ансамбль малодшых класаў «Скрыпалікі» са сваім кіраўніком Святланай Рыбінскай, народны аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Галіны Швед, фартэпіянны дуэт у складзе Рамана Францэвіча і Глеба Зеленяка (педагог Святлана Казей), хор першаклашак «Карамелькі», якім кіруе Алена Леваненка… Выбачайце, немагчыма пералічыць шматлікіх выканаўцаў, але ўсе былі проста цудоўнымі!

Полымя і драйв дарылі танцоры ўсіх узростаў. Гледачы не шкадавалі далоняў, апладзіруючы запальным танцам. Пад прыгожую кампазіцыю, якую выканаў інструментальны ансамбль «Каларыт» пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарківа, захацелася закружыцца і паляцець у нябачаныя далі. Але дзе ж тут паляціш? На сцэне з’явіліся зладзюжкі Кікімара і Нуда Зялёная, якія хацелі падмануць дзяцей і дарослых, сарваць Новы год і прымусіць Дзеда Мароза забыцца пра свята, зрабіўшы яго іграманам. Паралельна з тым як артысты выконвалі свае нумары, на сцэне разварочваўся казачны сюжэт.

Эстафету выступленняў падхапілі ўдзельнікі фальклорных калектываў, ансамблі гітарыстаў і баяністаў. Неверагодна прыгожа гучаў саксафон: сямікласнік Аляксей Баган (кіраўнік Сяргей Більшэвіч) выканаў кампазіцыю «Ameno» гурта «Эра». А зводны струнны ансамбль навучэнцаў старэйшых класаў пад кіраўніцтвам Юліі Сядовай і Вольгі Гаўры наогул «замахнуўся» на рэпертуар рок-групы «Кароль і Шут».

Напрыканцы на сцэну выйшаў узорны хор «Вітанак» (кіраўнік Ірына Буланькова). Узнёслая песня «Амафор Багародзіцы» дзіцячымі галасамі нагадала пра нашу Радзіму, Беларусь.

Дарэчы, у фае ўвесь час працавала выстава работ навучэнцаў мастацкага аддзялення ДШМ.

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота Кацярыны МАСІК