Мы працягваем знаёміцца з моладдзю, якая прыехала на работу ў наш горад, і даведваемся, як іх сустрэлі ў новым калектыве і як пра іх клапоцяцца на першым працоўным месцы. На гэты раз вырашылі наведаць КУВП «Камунальнік».

Маладая супрацоўніца КУВП «Камунальнік» Юлія Ахрымук ужо некалькі гадоў працуе ў калектыве. Пасля абавязковай адпрацоўкі, якая завяршылася ў яе не так даўно, вырашыла застацца на малой радзіме, каб сваёй працай прыносіць карысць Пружаншчыне.
Нарадзілася дзяўчына ў Пружанах, дзе скончыла мясцовую гімназію. Пасля вырашыла паступаць у Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, праз чатыры гады паспяхова яго скончыла і атрымала кваліфікацыю «інжынер садова-паркавага будаўніцтва».
— Пасля завяршэння ВНУ па размеркаванні я павінна была ехаць працаваць у Мінскую вобласць, аднак лёс распарадзіўся іншым чынам і я трапіла на малую радзіму. Немалую ролю ў гэтым адыграў намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Васільевіч Супрыновіч, які ўбачыў мой дыпломны праект па дабраўпарадкаванні пружанскага парку і паспрыяў таму, што мяне ўзялі на пасаду ландшафтнага дызайнера ў наш «Камунальнік», — адзначыла Юлія Валер’еўна.
Дзяўчына ў нашай гутарцы не раз падкрэслівала, што, калі прыйшла на работу, яе вельмі цёпла сустрэлі ў калектыве, што дапамагло дастаткова хутка адаптавацца на сваім працоўным месцы.
— З першага дня мне спадабалася атмасфера ў калектыве. Тут працуюць спагадлівыя людзі, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу. Гэта адзін з фактараў таго, чаму я засталася і пасля адпрацоўкі. Няхай ужо і страціла статус маладога спецыяліста, аднак, калі мне спатрэбіцца дапамога больш вопытных калег, я ўпэўнена, што яны яе акажуць. Наша прадпрыемства імкнецца клапаціцца пра маладых супрацоўнікаў і робіць многае, каб моладзь заставалася на сваіх месцах і пасля адпрацоўкі, але не заўсёды гэта атрымліваецца. Скажу шчыра, што работа ў нас няпростая, таму хацелася б за яе атрымліваць крыху больш грошай. Гэта, напэўна, галоўны фактар, чаму не застаюцца некаторыя маладыя людзі, —кажа дзяўчына.
Аляксандр Кандрацюк, намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» па ідэалагічнай і інфармацыйнай рабоце.

— Якія меры стымулюючага характару для моладзі прыняты ў калектыўным дагаворы вашага прадпрыемства?
— У нас іх дастаткова шмат. Непаўналетнім работнікам, якія маюць скарочаны працоўны дзень, аплата выдаецца ў памеры, як і работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай работы. Таксама аказваем аднаразовую матэрыяльную дапамогу маладым работнікам, прызваным на службу ў войска і якія вярнуліся пасля дэмабілізацыі на былое месца працы. Такая выплата складае дзве базавыя велічыні. Наша прадпрыемства аказвае маладым работнікам, якія вядуць індывідуальнае будаўніцтва, дапамогу ў набыцці матэрыялаў, у выкарыстанні машын і механізмаў. Таксама аказваюцца выплаты для набыцця пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне.
— Якім чынам прадпрыемства дапамагае хутчэй адаптавацца маладым людзям на новым працоўным месцы?
— У Пружанскім КУВП «Камунальнік» праводзіцца пэўная работа па арганізацыі настаўніцтва. У нас ёсць цэлы план мерапрыемстваў па яго развіцці, а дагаворы на настаўніцтва заключаюцца тэрмінам на шэсць месяцаў. Пасля на маладога спецыяліста складаецца характарыстыка, кіраўнік гэтага прадпрыемства інфармуецца пра адаптацыю маладога спецыяліста ў калектыве з прапановамі па далейшай рабоце. Скажу асабіста, што да кожнага такога спецыяліста мы ставімся з поўнай адказнасцю і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, бо гэта будучыня нашага прадпрыемства.
Руслан Басак
Фота аўтара