Пятница, 18 апреля 2025

Каму з пружанскіх фігурыстаў пакарыўся «Кубак Блакітных Азёраў» (+многа фота)

418

У насычаных на падзеі мінулых выхадных знайшлося месца і фігурнаму катанню. На працягу двух дзён наш Лядовы палац з радасцю вітаў юных фігурыстаў з Беларусі і не толькі, а таксама фанатаў гэтага прыгожага і грацыёзнага віду спорту. Ён стаў месцам правядзення адкрытых рэспубліканскіх спаборніцтваў па фігурным катанні з не менш прыгожай назвай — «Кубак Блакітных Азёраў».

Каб пазмагацца за ўзнагароды, а заадно праверыць саміх сябе, у Пружаны з’ехаліся спартсмены з Брэсцкай, Мінскай, Гомельскай абласцей нашай краіны і нават з Расіі. Гэта фактычна надало турніру статус міжнароднага. Не маглі абмінуць падзею выхаванцы аддзялення фігурнага катання СДЮШАР № 2, якія займаюцца пад кіраўніцтвам Вольгі Уважанай і Таццяны Хадаровіч. І, адзначым, што турнір для іх выдаўся даволі ўдалым.

Не падвяла па выніках пракатаў Ганна Калінка. Яна змагалася ў катэгорыі кандыдатаў у майстры спорту, і саперніцамі фігурысткі якраз былі спартсменкі са сталіцы Беларусі і Маскоўскай вобласці Расіі. У выніку Ганна размясцілася на першым радку пасля кароткай і змагла захаваць лідарства пасля адвольнай праграмы. Зазначым, што іх фігурыстка разам з трэнерамі абнавіла напярэдадні сезона 2024/25. Вынік Ганны на турніры — 131.09 балаў, залаты медаль і кубак, які ўручаўся чэмпіёну ў кожнай катэгорыі. Трэба сказаць, што сярэбранага прызёра фігурыстка нашай СДЮШАР № 2 апярэдзіла больш чым на 13 балаў.

Адразу дзве пружанскія спартсменкі былі прадстаўлены ў групе «Б» трэцяга спартыўнага разраду. Удала выступіла Арына Шерамет — яна другая па выніках абедзвюх праграм. Паказала сябе і Алеся Гусак.

Вельмі чакалі балельшчыкі выступленняў самых маленькіх прадстаўнікоў пружанскай «фігурнай сям’і». На ацэнку суддзяў і балельшчыкаў яны прадстаўлялі толькі адвольную праграму, але гэта пакуль. Далей, вельмі спадзяёмся, будзе больш. Як, напрыклад, у Сафіі Леліч: спартсменка пятая сярод юных фігурыстаў. У гэтай жа катэгорыі, толькі ў групе «Б», п’едэстал дык увогуле быў пружанскім. Чэмпіёнкай і ўладальніцай «Кубка Блакітных Азёраў» у дадзеным выпадку стала Алёна Шэпель. Следам за ёй размясціліся Кіра Касцючэнка і Сафія Труш.

Здолелі парадаваць і навічкі. Прычым, іх прагрэс відавочны. Напрыклад, Аліса Корж пасля свайго пракату набрала 12.97 балаў, заваявала першае месца і кубак турніру. Параўнаем: летась на «Кубку Белавежскай пушчы» ў Пружанах было 9.85 і серабро.

Відавочны прагрэс і ў пакуль адзінага хлопчыка з амаль 30-ці выхаванцаў пружанскага аддзялення фігурнага катання — Міхаіла Князева. Пра яго мы расказвалі ў красавіку, калі Міша дэбютаваў як фігурыст-навічок на «Кубку Пераможцаў», што праходзіў на дамашняй арэне. Тады, нагадаем, маленькі пружанец стаў другім з вынікам 9.6 балаў. На гэты раз выконваў тую ж праграму, але трэніроўкі даюць плён: вынік — 13.47, залаты медаль і кубак турніру. Варта адзначыць, што менавіта Міхаіл Князеў закрываў турнір і балельшчыкі з асаблівай цеплынёй віталі маленькага фігурыста. На лёд пасля пракату для Мішы паляцелі шматлікія цацкі і падарункі. Што ж, хочацца пажадаць, каб у будучым гэтак жа захапляліся выступленнямі кожнага з прадстаўнікоў пружанскай каманды.

Што наперадзе? З гэтым пытаннем напрыканцы спаборніцтваў звяртаемся да трэнера Вольгі Уважанай.

— Адпачываць няма калі! Наперадзе — першы этап адкрытага першынства Рэспублікі Беларусь «Зорачка», які пройдзе ў Гродне. Далей — не менш адказны для нас другі этап адкрытага кубка краіны, на які, як плануецца, паедзем у сталіцу. Ну, а на роднай арэне нашы з Таццянай Уладзіміраўнай падапечныя ў рамках спаборніцтваў выступяць ужо напрыканцы кастрычніка, калі Лядовы палац прыме адразу некалькі турніраў адначасова, — падзялілася планамі на бліжэйшую перспектыву Вольга Анатольеўна.

Мы ж верым, што з кожнага з абазначаных вышэй турніраў пружанцы абавязкова вернуцца з узнагародамі, чаго ад душы жадаем нашым фігурыстам!

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацярыны Масік

Глядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_304317365 і https://ok.ru/budni/album/983742147464