Хатнія жывёлы для чалавека — гэта добрая аддушына і радасць, калі ёсць пра каго клапаціцца і не адчуваць сябе адзінокім. Але калі іх адзін-два — гэта нармальна, яны заўсёды накормлены і дагледжаны, а калі больш за дзесятак — сітуацыя выходзіць з-пад кантролю.
Так лічаць суседзі аматаркі катоў па вул. Альшэўскага, якіх, паводле іх слоў, не пералічыць. Справа ў тым, што жыве жанчына адна, ва ўласным доме, і сабрала вакол сябе каціны гадавальнік. Усё б нічога, ды толькі межаў для жывёл не існуе, спецыяльнага вальера таксама няма, вось і бегаюць яе пітомцы па ўсёй ваколіцы. Няпрошаныя «госці» то да суседзяў зазірнуць на вул. Камсамольскую, то на Альшэўскага, прабяраюцца нават у дамы, яшчэ паспяваюць ухапіць што-небудзь смачнае са стала. Увогуле, жыцця ніякага. Адпаведна — і антысанітарыя.

За адзін дзень па гэтай праблеме да нас звярнуліся адразу некалькі чалавек. Адна чытачка расказала, як яе муж кожны дзень уваходныя дзверы змазвае машыннай адпрацоўкай, каб хоць неяк адпудзіць «дзікага звера». Такая ж сітуацыя і па вул. Касцякова, і на 60 год Кастрычніка. Вядома, прыемнага мала, калі любоў да жывёл ператвараецца ў некантралюемую стыхію, а ўседазволенасць — у суседскую пакуту. Нашы грамадзяне часам забываюцца, што жывуць у грамадстве і паважаць бліжняга — адзін з крытэрыяў выхавання і нармальных паводзін.
Як растлумачылі ў райаддзеле міліцыі, сітуацыя неадназначная. Калі ў кватэрных дамах, згодна з правіламі ўтрымання хатніх жывёл, іх павінна быць не больш за дзве, то ў прыватным сектары такой практыкі няма. Адзіная папраўка: калі чалавек лічыцца ўласнікам (той, хто корміць), то ўсе хатнія жывёлы, уключаючы катоў і сабак, незалежна ад месца іх пасялення, павінны быць зарэгістраваны і мець належны догляд. Калі гаспадар не выконвае гэтыя патрабаванні, то суседзі могуць звярнуцца па дапамогу да ўчастковага інспектара. У яго кампетэнцыі правесці прафілактычную тлумачальную гутарку згодна з дзеючым заканадаўствам (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2001 года № 834 «Аб зацвярджэнні Правілаў утрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах РБ» і зрабіць вуснае папярэджанне.
Калі гаспадар хатняй жывёлы не рэагуе і на гэтыя меры ўздзеяння, то суседзі маюць права падаць іскавую заяву ў суд, і тады разбірацца з несвядомымі асобамі будуць ужо ў іншай інстанцыі.
Ульяна Рысь.
Фота Кацярыны Масік, носіць ілюстрацыйны характар
