28 верасня ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй. Ён праводзіцца ўстановай штогод, каб прыцягнуць увагу жыхароў горада і раёна да аддзялення.
Гасцей сустракала загадчыца аддзялення Марына Кавальчук. Яна і правяла прэзентацыю, а таксама экскурсію па ўстанове.
— Пажылыя людзі, якія ў сілу розных абставінаў засталіся адны, каму нудна і няма чым заняцца дома, знаходзяць тут сяброў і аднадумцаў, развіваюцца і вучацца новаму, — кажа Марына Аляксандраўна. — На дадзены момант у аддзяленні працуе шэсць гурткоў.
Два аб’яднанні па камп’ютарнай адукаванасці «Камп’ютар з нуля» і «У кантакце са светам» разлічаны як на пачаткоўцаў, так і на актыўных карыстальнікаў сучаснымі гаджэтамі. Тры гурткі фізкультурнай накіраванасці — «Скандынаўская хадзьба», «Рух у радасць» і «Аэробіка». Заняткі спортам не толькі прыносяць карысць для здароўя, але і дораць пазітыўны настрой. Завяршае ланцуг аб’яднанняў па інтарэсах гурток «Італьянская з задавальненнем». Вывучэнне новай мовы добра стымулюе разумовую дзейнасць і проста з’яўляецца цікавым заняткам.
Таксама ў аддзяленні арганізавана работа клубаў «Салавейкі», «Дольчэ Віта», «Праваслаўе», «Літаратурна-музычнае кафэ», «Компас», «Гімнастыка для розуму», «Актыўныя разам».
На сённяшні дзень у аддзяленне залічана 135 чалавек. Дык чым жа яны займаюцца?
— На гэтым тыдні праходзіла дыялогавая пляцоўка з вучнямі школы №5. Яшчэ мы зладзілі асветніцкую акцыю: падрыхтавалі брашуры «Як наладзіць зносіны з пажылымі бацькамі» і распаўсюджвалі па арганізацыях. Таксама разам з валанцёрамі — падапечнымі аддзялення, абыходзілі адзінока пражываючых пажылых людзей, якія па стане здароўя не могуць наведваць нашу ўстанову. Мы павіншавалі іх з Днём пажылых людзей, падарылі невялічкія сувеніры ручной работы. Гэта толькі з апошняга, — кажа Марына Аляксандраўна.
На пастаяннай аснове ладзяцца экскурсіі ў храмы горада, цэнтралізавана наведваецца кінатэатр «Спадарожнік». Наступны прыпынак для пажылых людзей — Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.
Таксама Пружанскае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту шчыльна супрацоўнічае з іншымі тэрытарыяльнымі цэнтрамі. У апошні час праводзіцца шмат дыстанцыйных конкурсаў. Не так даўно, напрыклад, прайшоў творчы конкурс «Я магу». На гэтым тыдні ў Бярозе праходзіў інтэлектуальны конкурс. Каманда пружанцаў «Мудрацы» заняла чацвёртае месца з сямі магчымых, да бронзы не хапіла ўсяго паўбала.
Мы заспелі наведвальнікаў установы падчас падрыхтоўкі да абласнога фестывалю «Мы славім узрост залаты». Яны былі сканцэнтраванымі на працы, але пры гэтым вельмі адкрытымі і добразычлівымі. А пра сам фестываль, які праходзіў у чацвер, раскажам ужо ў наступным нумары газеты.
Юлія Янушка. Фота аўтара