Среда, 15 января 2025

Кампанія па імунізацыі супраць грыпу завяршаецца ў Пружанскім раёне. Паспейце прышчапіцца!

219

Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі інфармуе пра тое, што на тэрыторыі раёна падыходзіць да завяршэння кампанія імунізацыі супраць грыпу.

За мінулы перыяд 2022 года захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі напаткала кожнага пятага жыхара раёна.

Пераважная большасць захворэлых былі дзеці. Гэтая катэгорыя найбольш схільная і да розных ускладненняў. Не менш небяспечнае ўзнікненне захворвання ў вучнёўскіх, працоўных калектывах: працяглае знаходжанне групы людзей у адным памяшканні стварае спрыяльныя ўмовы для вірусаў. Менавіта таму для фарміравання «калектыўнага імунітэту» ўстаноўлена неабходная доля прышчэпленых ад агульнай колькасці працуючых у арганізацыі, якая складае не менш за 40%.

У сёлетнім годзе вакцынацыя супраць грыпу пачалася з 29 верасня. Па стане на 21 лістапада ў раёне было прышчэплена 15811 чалавек (каля 38% насельніцтва). Плануецца, што да канца лістапада прышчэпкі атрымае 40,5% насельніцтва. Найбольш актыўна прышчэпліваюцца людзі з хранічнымі захворваннямі і асобы, старэйшыя за 65 гадоў.

Імунізацыя праводзіцца вакцынай «Грыпал-плюс» (РФ). Яна засцерагае ад трох штамаў вірусаў грыпу, не змяшчае ў сваім складзе чыстага віруса. Гэта, у сваю чаргу, гарантуе, што чалавек не захварэе на грып ад вакцыны, набудзе ўстойлівы імунітэт.

Вакцыну можна прымяняць з шасцімесячнага ўзросту. У дзяцей і дарослых без хранічных захворванняў эфектыўнасць прэпарата дасягае 95%. Што да асоб з хранічнымі захворваннямі і пажылых людзей, то ў іх эфектыўнасць захоўваецца на ўзроўні 70-80%. Імунітэт выпрацоўваецца ўжо праз 7-10 дзён ад моманту вакцынацыі.

Постпрышчэпачны імунітэт захоўваецца на працягу 6-12 месяцаў, менавіта таму вакцынавацца ад грыпу варта штогод. Нагадаем, што ва ўстановах аховы здароўя таксама праводзіцца вакцынацыя супраць інфекцыі COVID-19 і клешчавага энцэфаліту.

Усім, хто жадае прышчапіцца, рэкамендуем не адкладваць, а паклапаціцца аб сваім здароўі і звярнуцца ў арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства. Памятайце, што лепшае лячэнне любых захворванняў — гэта своечасовая прафілактыка. Абараніце сябе і сваіх блізкіх!

Па ўсіх пытаннях вакцынацыі супраць грыпу і іншых інфекцыйных захворванняў звяртайцеся ў Пружанскі раённы ЦГіЭ па тэлефонах: 4-03-73, 4-01-71, 4-03-82.

Крысціна Пашкевіч, загадчыца аддзела эпідэміялогіі Пружанскага РЦГіЭ