Понедельник, 21 апреля 2025

Кампанія дабрачыннасці

846

Ёсць жаданне папрацаваць, прынесці рэальную карысць сваёй краіне? Калі ласка, запрашаем прыняць удзел у акцыі «Дай лесу новае жыццё!», якая праходзіць у Беларусі і завяршыцца дванаццатага красавіка.

У жыцці трэба зрабіць многае. Напрыклад, заўсёды прытрымлівацца маралі, быць прыкладам для іншых як у сям’і, так і на працы. Бачыць у людзях толькі добрае. Выгадаваць дзяцей сапраўднымі грамадзянамі сваёй Радзімы. Усяго і не пералічыш! А яшчэ, канечне, пасадзіць дрэва. Чым і займаліся на гэтым тыдні дабравольцы на лесасецы Мокраўскага лясніцтва каля хутара Янаўшчызна.

Увогуле, дадзеная кампанія накіравана на ўзнаўленне лясоў, у тым ліку тых, што пацярпелі падчас ліпеньскага штармавога ветру. Сёлета яна прымеркавана да Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

І ведаеце, сабралася шмат жадаючых прыкласці руку да агульнай справы, каб Беларусь і надалей славілася сваімі неабсяжнымі і прыгожымі лясамі. З задавальненнем да акцыі далучыліся член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, двума рукамі «за» былі старшыні мясцовых сельвыканкамаў. А таксама маладзёжны парламент на чале са старшынёй Дзянісам Цямчыкам.

Час прайшоў незаўважна, з жартамі, смехам і нават духам спаборніцтва. І вось ужо засаджана тры гектары лесу: праз восем радоў сасонак уздымаецца два рады бярозак. Няхай жа ім свеціць ласкавае сонейка і палівае цёплы дожджык.

Калі па нейкай прычыне не знойдзеце час, каб стаць удзельнікам гэтай добрай акцыі, не хвалюйцеся. У гэтым месяцы стартуе кампанія «Лес! Дабро! Парадак!», падчас якой будзе праводзіцца добраўпарадкаванне лясоў.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік