Першы пры ўездзе збоку горада падворак у вёсцы Шубічы схаваны за плотам. Але прыгожа расфарбаваныя каменьчыкі каля яго, сава з кампакт-дыскаў, што ззяе з высокага дуба, адразу ж інтрыгуюць. А першае, што трапляе на вочы на двары, – вялікія арэлі, дарэчы, як і ўсё астатняе, зробленыя ўласнымі рукамі гаспадароў ці іх сяброў. Перад імі раскінулася падрыхтаваная пад каркасны басейн пляцоўка. Ён будзе ўсталяваны, як толькі дазволіць надвор’е. І ўсё гэта — на акуратна падкошаным газоне.

Гаспадыня хутка праводзіць нас на другі бок сядзібы, каб паказаць свой гонар – невялічкую, але з густам аформленую клумбу-горку.
— Прачыталі ў газеце, што ў раёне аб’яўлены конкурс на лепшае добраўпарадкаванне прысядзібнага ўчастка, і вырашылі, што і нам ёсць што паказаць, — смяецца Вольга Краўчук.
Гараджане Вольга і Андрэй набылі ўчастак пяць гадоў таму назад і адразу прыступілі да яго аздаблення. Адрамантавалі старэнькую хатку, пачалі будаўніцтва лазні. А паралельна маштабным работам на двары пачалі з’яўляцца розныя мілыя рэчы, якія цяпер выдзяляюць менавіта гэтую сядзібу сярод іншых прыгожых і добраўпарадкаваных. Цікава, што не бачыш усіх дзівосаў адразу!

Мы сфатаграфавалі клумбу, на якой красуюцца скумпіі, хакура нішыкі, флёксы, фартуцыі, спірэі і іншыя расліны. Пасадзілі гаспадыню разам з «ахоўніцай» Вілкай на арэлі і пачалі збірацца ў рэдакцыю… Як позірк трапіў на самаробны… стоўнхэндж. Так, двор упрыгожвае кампазіцыя з мудрагеліста прыстасаваных адзін да аднаго камянёў. Дарэчы, да іх тут асаблівае стаўленне: камяні размалёўваюць пад герояў мультфільмаў, робяць з іх птушак, выкладаюць розныя формы і нават робяць іх з паветраных шарыкаў!

— Надзьмуць шарык, пакрыць яго тонкім слоем цэменту, даць падсохнуць – і ў вашым распараджэнні матэрыял для творчасці!
Стаіць на падворку і дэкаратыўны млын, на якім “пасяліўся” драўляны дзяцел, а вось сячкарня – сапраўдная – старажытная англійская. Гаспадары запэўніваюць, што ў рабочым стане. Сабакам Яшу і Вілцы дапамагаюць ахоўваць падворак металічныя двайнікі. Штучным птушкам складаюць кампанію жывыя. Адна з іх вельмі палюбіла люстэрка, ля якога праводзіць ці не палову дня, не звяртаючы ўвагі на гаспадароў.

— Да нас і зайчыкі забягаюць, і птушкі самыя разнастайныя прылятаюць. Мы з мужам вельмі любім прыроду, шмат падарожнічаем па прыгожых мясцінах, вось і вырашылі зрабіць такі куточак на ўлонні прыроды для сябе. Ды і не толькі для сябе. Мы заўсёды рады сябрам, якія з задавальненнем бавяць тут час. Многае зроблена з іх дапамогай, нават усе мае кветнікі складзены з таго, што мне аддалі больш вопытныя кветкаводы. За пяць гадоў атрымалася дамагчыся таго, каб двор квітнеў увесь час.
P.S. На ўчастку ўсё аформлена не толькі з густам, але і з гумарам. Ужо напрыканцы гутаркі, калі мы зноў вярнуліся да варот, узнікла адчуванне таго, што за намі нехта назірае. І сапраўды, пакруціўшы галавой, заўважыла, што нехта ажно павіс на плоце і не зводзіць з нас вачэй! Як высветлілася, гэта яшчэ адна малая архітэктурная форма, зробленая ўмелымі рукамі гаспадароў.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).