Суббота, 12 октября 2024

Камісія райвыканкама па процідзеянні пажарам і гібелі людзей у агні разам з журналістамі газеты пабывалі на «гарачых кропках» Пружан

604

Тэрмін «гарачыя кропкі» прынята выкарыстоўваць для абазначэння месцаў ваенных канфліктаў. Аднак, на маю думку, яго да месца ўжываць і ў побыце. Напрыклад, для абазначэння адрасоў — прыватных дамоў або кватэр, якія могуць стаць крыніцай пажараў. І падобныя месцы ёсць у нашым райцэнтры

У чэрвені прайшоў чарговы рэйд камісіі райвыканкама па процідзеянні пажарам і гібелі людзей у агні. Такія адрасы стаяць на кантролі мясцовай улады, камунальнай, пажарнай і нават праваахоўнай служб. Трэба прызнаць, што недахопы, якія могуць прывесці да ўзгарання, практычна ў кожнай хаце прысутнічаюць. У адных амаль разбураныя печкі, у другіх — няспраўная электраправодка, трэція, як ужо здаралася, часта забываюць на запаленай газавай пліце патэльню.

З аднаго боку здаецца, што ўсе гэтыя акалічнасці нескладана выправіць, у тым ліку і з дапамогай дзяржорганаў. Аднак тут праблема іншага характару, і заключаецца яна… у гаспадарах. Амаль усе вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць алкаголем. На яго грошы недзе знаходзяць. А вось на тое, каб перакласці топку, замяніць сапсаваныя разеткі-выключальнікі, няма. Некаторыя яшчэ больш абвастраюць праблему, збіраючы па сметніках розны хлам, які складзіруюць у сваім двары. Тлумачыцца гэта проста: у хаце ўжо месца няма.

Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, праблему з «гарачымі кропкамі» трэба неадкладна вырашаць. На гэтым і засяродзіў увагу ўсіх адказных служб. Таксама да вырашэння недахопаў трэба актыўна прыцягваць медыкаў. Напрыклад, для прызнання грамадзян недзеяздольнымі па медыцынскіх паказчыках і накіравання ў спецыяльныя лячэбныя ўстановы. Таксама трэба шукаць сваякоў, праз якіх варта спрабаваць наводзіць, а потым і кантраляваць парадак. Тым больш, што гэта патрэбна не толькі самім «гора»-гаспадарам, але і суседзям, якія жывуць літаральна «на вулкане».

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік