Аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступствам для Беларусі надаецца менш увагі, чым Вялікай Айчыннай вайне. Тлумачыцца гэта тым, што баявыя дзеянні і акупацыя прывялі да рэзкага скарачэння насельніцтва нашай краіны. А вось «чорная катастрофа» ў першыя яе дні падалася не такой і значнай. Аднак яе водгукі мы чуем і зараз, як мінула амаль 40 гадоў. Наступствы аварыі будуць пераадольваць яшчэ нашы ўнукі і праўнукі.
Сёння ўжо падлічылі, што ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пераважная частка шкодных выкідаў прыйшлася менавіта на Беларусь. Нашы землі атрымалі больш за 35% небяспечных ападкаў (да параўнання, Украіны — 5%, Расіі — 0,6%). У выніку з сельскагаспадарчага абароту ў нас было выведзена амаль 3 тысячы квадратных кіламетраў сельгасугоддзяў, ліквідавана 54 калгасы і саўгасы, закрыта дзевяць заводаў перапрацоўчай прамысловасці. Значна зменшыліся памеры даступных для карыстання лясных, мінеральна-сыравінных і іншых рэсурсаў. У зоне забруджання апынуліся 132 радовішчы сыравінных рэсурсаў, больш за 17 тысяч кв. км лесу. Праз 30 гадоў пасля катастрофы быў ацэнены агульны ўрон, які роўны 32 гадавым бюджэтам Рэспублікі Беларусь.
А вось шкоду самім беларусам ацаніць немагчыма. Колькі давялося перажыць людзям, якім прышлося кідаць гаспадарку, маёмасць і ў лепшым выпадку «з чамаданчыкам у руках», каб нанова будаваць сваё жыццё. А колькі давялося перажыць тым, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэта на сваім прыкладзе адчуў Аляксандр Масайла, ветэран МНС з г.п. Ружаны, які разам з атрадам пружанскіх выратавальнікаў ў жніўні 1986 года трапіў у 30-кіламетровую забруджаную зону.
Зона адчужэння і… цішыня
— У маі 1986 года адправілі першую групу, у якую я не трапіў, бо пераводзіўся тады з ДАІ ў пажарную службу, — успамінае Аляксандр Мікалаевіч. — Але праз некалькі месяцаў, калі былі ўладжаны арганізацыйныя пытанні, у Чарнобыльскую зону накіравалі і мяне.
У той час пажарныя мелі дачыненне да органаў унутраных спраў, таму некаторых з выратавальнікаў апраналі ў міліцэйскую форму і на забруджаных землях яны сачылі за парадкам. Такую задачу атрымаў і атрад Масайлы, які базіраваўся ў школе в. Цешкаў на поўдні Нараўлянскага раёна. У сярэдзіне жніўня 86-га, калі туды трапіў наш зямляк, той населены пункт ужо лічыўся неіснуючым. Як успамінае Аляксандр Мікалаевіч, вёска была даволі вялікая, дамы стаялі шчыльна адзін да аднаго па ўсёй вуліцы даўжынёй больш за паўтара кіламетра. А вось людзей анікога, толькі трывожная цішыня, нават кінутыя гаспадарамі сабакі не брахалі.
— Гэтыя чатырохлапыя сябры чалавека яшчэ не зразумелі, што іх кінулі назаўсёды, яшчэ не здзічэлі і даверліва прымалі ад нас ласку, — расказвае ліквідатар. — Карміць было чым, бо амаль у кожнай хаце захоўвалася сала або вэнджанае мяса, дзякуючы чаму вакол нашай базы заўсёды было некалькі сабачых зграй. Яны ж і адпужвалі правяраючых, якія прыязджалі раз-пораз да нас. Сабакі акружалі машыну, чакаючы харчоў, а правяраючыя баяліся выходзіць і адразу ад’язджалі.
Успамінае Аляксандр Масайла, як першы раз пераканаўся ва ўсёй трагічнасці той сітуацыі. Адбылося гэта, калі зайшоў у першы пакінуты дом. Усюды было такое адчуванне, што гаспадары пакінулі сваё жытло зусім нядаўна і толькі на кароткі час. Недзе ў доме яшчэ тарахцеў халадзільнік, на абедзенным стале стаяла патэльня, у якой, праўда, ужо нараслі грыбы. Каля ганку хаты ляжаў дзіцячы веласіпед… Складвалася ўражанне, што людзей забралі адсюль раптоўна, у чым падчас нясення службы выратавальнікі пераканаліся неаднойчы. Амаль штодня сюды прыязджалі былыя жыхары, забіраючы сямейныя фотаздымкі і што-небудзь з асабістых рэчаў, пасля атрымання адпаведнага дазволу. Як успамінае наш суразмоўца, ахоўнікам тэрыторыі ставілася асноўная задача — не пускаць рыбакоў, грыбнікоў і іншых цікаўных за раку Прыпяць: за ёю ішла напружаная работа непасрэдна ліквідатараў.
— З паста ў добрае надвор’е была бачна сама станцыя і верталёты, якія закідвалі ў разбураны рэактар цюкі з нечым. А потым ішлі выкіды, накрываючы прылеглую тэрыторыю.
Што такое радыяцыя?
Тады ўсе ліквідатары толькі чулі такое слова, а вось рэальная небяспека ад нябачнай смяротнай пагрозы яшчэ заставалася невядомай. Пружанскіх выратавальнікаў апранулі ў звычайную палявую форму і на ўвесь атрад выдалі адзін лічыльнік Гейгера. Некалькі дзён прыбор паказваў адну і тую ж лічбу — 2 мікразіверты ў гадзіну. А потым прыехала работніца санэпідслужбы, якая здымала пробы грунту, вады. І ў яе быў прыбор, які адразу ў распалажэнні атрада паказаў іншую лічбу — 2,5 мЗв. Пасля гэтага выратавальнікі больш і не карысталіся сваім дазіметрам.
Як быў наладжаны быт ахоўнікаў?
Па ўспамінах Аляксандра Масайлы, жылі ў школе, памяшканні якой былі прыстасаваны пад базу. Кармілі вельмі добра, хаця ніякіх асаблівых прадуктаў ці таго ж віна, што выдавалі ліквідатарам у наступныя гады, у меню не было. Быў свой медык у атрадзе, але ж ён лячыў нескладаныя траўмы і драпіны. Адзінае, што было наладжана, гэта штодзённая лазня. Як сведчыць медыцынская статыстыка, павелічэнне выпадкаў наступнай інваліднасці, вострых захворванняў унутраных сістэм арганізма фіксуецца менавіта ў тых, хто быў у забруджанай зоне ў першы год. Аляксандр Мікалаевіч пра гэта ведае, але па іншых назіраннях.
— Разам са мной туды трапілі міліцыянеры Валодзя Скважаў, Аляксей Сявашка, Віктар Муха і яшчэ адзін хлопец з аховы, ужо не памятаю яго прозвішча. Нікога з іх ужо няма ў жывых…
З нагоды 20-годдзя катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала кнігу «Хроніка мужнасці». У ёй у спіс «Яны прайшлі праз Чарнобыль» упісана прозвішча і Аляксандра Мікалаевіча Масайлы, які за свой уклад у ліквідацыю наступстваў аварыі быў адзначаны адпаведным медалём. Практычна ў кожным слупку з пералікам удзельнікаў па некалькі прозвішчаў было абведзена чорнай рамкай. А што было б з тым спісам сёння, калі мінула амаль 40 гадоў?
Здароўе Аляксандра Мікалаевіча таксама здае, зараз ён даволі часта наведвае бальніцы, ужо не расстаецца з кійком. Хаця ён і не губляе бадзёрасці, захоўвае фізічную актыўнасць. А ўспамінаючы той месяц, праведзены на забруджанай зямлі, нярэдка пераглядае фотаздымкі сваёй маладосці.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік і з архіва ветэрана