Пятница, 14 февраля 2025

Каманды з Пружан і Бярозы дэманстравалі танцавальныя, гумарыстычныя і іншыя здольнасці на фестывалі «Мы славім узрост залаты»

322

Пажылыя людзі — гэта скарбонка жыццёвага досведу і мудрасці, на якіх трымаецца кожная сям’я. Нашы бабулі і дзядулі шчыра дораць усім святло і цеплыню, з’яўляюцца захавальнікамі сямейных традыцый і ачага кожнага дома. Напэўна таму фестываль «Мы славім узрост залаты» прайшоў ва ўтульнай і хатняй атмасферы, стаў для ўдзельнікаў мерапрыемства сапраўдным святам.

Напачатку з пажаданнямі і віншаваннямі да пажылых людзей звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.

— Я назваў бы людзей «залатога ўзросту» самымі пазітыўнымі жыхарамі краіны. Зносіны з вамі заўсёды дастаўляюць масу цеплыні. Ад імя вашых дзяцей хочацца сказаць вялікі дзякуй за клопат, якім вы нас акружылі, за выхаванне, якое нам падарылі, за тую нялёгкую працу, якую вы аддалі на карысць нашай Радзімы. Няхай у вашых вачах увесь час гарыць агеньчык гэтага добрага і радаснага жыцця!

Фестываль быў прымеркаваны да Дня пажылога чалавека і Года гістарычнай памяці. Яго арганізатарамі выступілі аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры Пружанскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і гарадскі Палац культуры. Удзел у фестывалі бралі тры каманды. Гэта клуб «Гімнастыка для розуму» (ДУ «Пружанскі ТЦСАН»), творчы клуб «Нам гады — не бяда» (ДУК «Пружанскі гарадскі Палац культуры») і клуб «Sport time» (ДУ «Бярозаўскі ТЦСАН»).

Мерапрыемства праходзіла ў чатыры этапы. Першы — візітная картка «Будзем знаёмыя», дзе пажылыя людзі прэзентавалі свой клуб і расказвалі пра родны горад. Далей ішоў тэатральна-гумарыстычны конкурс «Смяяцца дазваляецца», дзе пенсіянеры паказвалі пастаноўку жартоўнага характару. Трэцім быў конкурс ваеннай песні і танца «Гартаючы памяці старонкі». І завяршаў канцэрт творчы конкурс «Мая малая радзіма».

Адзначым, што калектывы не ставілі перад сабой мэту перамагчы ў конкурсах. Гэта не было спаборніцтвам, а хутчэй — сяброўскай сустрэчай клубаў. Кампетэнтнае журы так і вырашыла: не прысуджаць месцы па выніках выступленняў, а падабраць правільны прыметнік! І вось што атрымалася. Клуб «Гімнастыка для розуму» атрымаў званне самага дружалюбнага аб’яднання, самым актыўным стаў клуб «Нам гады — не бяда», а «Sport time» прысвоілі званне самага артыстычнага клуба.

Таленавітыя, яскравыя, жыццярадасныя… Ланцуг прыметнікаў, якія характарызуюць нашых пенсіянераў, напэўна, можна працягваць бясконца. Нашы паважаныя пажылыя людзі! Дзякуем вам за цеплыню сэрцаў, за адданыя на працы намаганні, за вопыт, якім вы дзеліцеся з маладым пакаленнем. Жадаем вам павагі з боку блізкіх, здароўя і доўгага жыцця на радасць усёй сям’і!

Юлія Янушка. Фота аўтара