Воскресенье, 12 января 2025

Каманда СШ №5 перамагла ў раённым конкурсе “Ану, хлопцы!”

2 777

Самыя хуткія, моцныя і трапныя вучні раёна, будучыя абаронцы Айчыны сабраліся ў мінулую суботу ў ДЮСШ №1 г. Пружаны. Свае спрыт і загартоўку яны паказвалі падчас раённага конкурсу “Ану, хлопцы!”.


Спартыўнае спаборніцтва сабрала на адной пляцоўцы 12 каманд з устаноў адукацыі раёна. За званне лепшага змагаліся старшакласнікі ўсіх гарадскіх сярэдніх школ і гімназіі, Навасёлкаўскага і Варанілавіцкага ВПК д/с-СШ, а таксама Ліноўскай, Параслянскай, Ружанскай, Шарашоўскай і Хараўской СШ.


Арганізатары, якімі выступілі аддзел па адукацыі райвыканкама, раённыя арганізацыі ГА «БРСМ», ГА «Белая Русь», ДТСААФ і ДЮСШ №1, падрыхтавалі для хлопцаў вялікую колькасць спартыўных выпрабаванняў.

Адкрыліся яны конкурсам стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі.

Свой клас у ім пацвердзілі хлопцы з Параслянскай СШ, нядаўнія пераможцы абласных спаборніцтваў ДТСААФ па кулявой стральбе. якія ўпэўнена перамаглі.


Пасля праверкі юнакоў на трапнасць пачаліся сілавыя конкурсы. Спачатку вучням трэба было зрабіць максімальны жым гіры, затым як мага больш разоў падцягнуцца і на завяршэнне пазмагацца ў армейскім дваябор‘і, якое ўключала практыкаванне на прэс і адцісканне ад падлогі.

Пасля гэтых конкурсаў у абсалютныя лідары выйшла каманда СШ №5. Старшакласнікі гэтай навучальнай установы змаглі захаваць перавагу над іншымі ўдзельнікамі і ў двух наступных конкурсах – чаўночным бегу і спартыўнай эстафеце.


Самае цікавае спаборніцтва – конкурс па перацягванні каната – арганізатары пакінулі, што называецца, на «дэсерт». Бадай, менавіта гэтае выпрабаванне аказалася самым эмацыйным. Не было роўных у ім юнакам з СШ №4, крыху “не дацягнулі” да перамогі вучні СШ №5, а трэцімі ў конкурсе сталі старшакласнікі гімназіі.


Пераможцы вызначаліся па суме набраных балаў.

Трэцяе месца ў спаборніцтвах заваявала каманда СШ №4. На другую прыступку п’едэстала здолелі ўзняцца вучні СШ №3.

А вось чэмпіёнамі сёлетняга раённага конкурсу “Ану, хлопцы!” сталі навучэнцы з СШ №5. У якасці ўзнагароды пераможцы спаборніцтваў атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.


Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.