Среда, 15 января 2025

Каманда Пружанскага райвыканкама – пераможца спаборніцтваў па валейболе занальнага этапу абласной спартакіяды «Вертыкаль» (+фота)

513

У мінулую суботу ў нашым горадзе прайшоў занальны этап абласной спартакіяды сярод работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў «Вертыкаль».

На гэты раз спартыўная падзея была прымеркавана да 85-годдзя Брэсцкай вобласці. Удзел у занальных спаборніцтвах на Пружанскай зямлі прынялі пяць каманд з наступных раёнаў: Пружанскага, Маларыцкага, Камянецкага, Івацэвіцкага і Жабінкаўскага.

Перад пачаткам спаборніцтваў адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця спартакіяды. З прывітальным словам да ўдзельнікаў «спартыўнай вертыкалі» звярнуўся старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які пажадаў поспеху кожнаму і перамогі мацнейшаму. Пасля чаго калектывам былі ўручаны караваі. Выдатны настрой удзельнікам спаборніцтваў сваімі нумарамі падарылі ўзорны ансамбль танца «Круцёлачкі» разам з Таццянай Паласьмак.

Пружанскім раённым спажывецкім таварыствам каля месцаў спаборніцтваў быў арганізаваны выязны гандаль харчовымі таварамі, дзе кожны жадаючы мог набыць смачную ежу і неабходны напой. Таму галодным не застаўся ніхто.

Сама ж спартыўная падзея прыцягнула нямала жыхароў нашага горада, якія актыўна падтрымлівалі каманду Пружанскага раёна ва ўсіх дысцыплінах, што давала гульцам дадатковы імпульс на пляцоўцы. Усё самае цікавае адбывалася ў ДЮСШ № 1, дзе праходзілі матчы па валейболе і баскетболе, і ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы, дзе спаборнічалі аматары міні-футболу.

Так, у турніры па міні-футболе нашы мужчыны гулялі супраць каманды з Камянецкага раёна і здолелі вярнуцца ў матч пасля ліку 0:2 не на сваю карысць. На вачах у мясцовай публікі яны прадэманстравалі волю да перамогі і пераламілі ход матчу, здзейсніўшы валявую перамогу з лікам 3:2. На жаль, у фінальнай гульні нашаму калектыву да перамогі не хапіла зусім крыху, лік 1:2 на карысць Маларыцкага раёна не дазволіў ім прабіцца ў фінальную частку абласных спаборніцтваў.

У турніры па баскетболе ў паўфінальным матчы сышліся каманды Пружанскага і Маларыцкага раёнаў. Гульня трымала ў напружанні ўсіх прысутных да самага фінальнага свістка, бо калектывы дэманстравалі роўную гульню як на паркеце, так і па ліку на табло. Усё вырашылі апошнія хвіліны, у якіх удача ўсміхнулася нашым гасцям. У матчы за трэцяе месца нашы баскетбалісты саступілі камандзе з Івацэвіцкага раёна, а ў фінальнай гульні перамогу над Маларыцкім раёнам святкаваў калектыў з Камянца.

Вялікую цікавасць у гледачоў выклікаў турнір па валейболе, бо там наша каманда была адным з галоўных фаварытаў. Гэты статус калектыў пачаў пацвярджаць ужо ў першай гульні, упэўнена перайграўшы сваіх апанентаў з Маларыцкага раёна з лікам 2:0. Пасля чаго ў фінальным матчы каманда Пружанскага раёна ва ўпартай барацьбе атрымала перамогу над супернікамі з Івацэвіцкага — 2:1. Гэта дазволіла нашаму калектыву заняць першае месца ў занальным этапе, што дае пуцёўку ў фінальную частку абласной спартакіяды «Верыткаль», якая пройдзе 6 снежня ў горадзе Брэсце.

Акрамя камандных відаў спорту ў фінальным этапе дададуцца і індывідуальныя, у якіх таксама прымуць удзел прадстаўнікі нашага раёна. Пажадаем ім удачы, каб яны вярнуліся дадому з медалямі і кубкамі. Мы верым у вас!

Руслан Басак

Фота аўтара

Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_305122450 і https://ok.ru/budni/album/985657881992