Хакейныя баталіі на працягу ўсіх выхадных разгарнуліся ў Лядовым палацы Пружан.
Тут адбыўся турнір «Белавежская пушча 2023», ініцыятарам якога выступіла хакейная арганізацыя «JUNIOR BULLDOGS». Каб паўдзельнічаць у спаборніцтвах і пазмагацца з мясцовай камандай, у Пружаны прыехалі яшчэ пяць хакейных зборных з Мінска і Брэста. У іх складзе — хакеісты 2011-2012 гадоў нараджэння.
Матчы праходзілі на працягу трох дзён — з 20 па 22 студзеня ўключна. Першымі сапернікамі нашай каманды стала зборная «1-ы рэгіён». Гульня завяршылася перамогай пружанцаў з лікам 8:4.
У суботу і нядзелю юных хакеістаў чакала адразу па дзве сустрэчы. Абодва суботнія паядынкі хлопцы правялі пераможна. Раніцай абыгралі мінскую зборную «Юнацтва-2» — 6:2. Бліжэй да вечара змаглі вырваць перамогу ў каманды «Брэст-2» — 4:3.
А вось нядзеля, на жаль, перапыніла чараду перамог. Спачатку мінскае «Юнацтва-1» разграміла нашу каманду з лікам 6:0. Апошні матч, які пружанцы згулялі з «Брэстам-1», здавалася, нашы пачалі нядрэнна, бо на перапынак пасля першага тайму сыходзілі лідарамі з лікам 1:0. Але госці здолелі сабрацца. Вынік — на табло 7:2 і перамога брастаўчан.
Нягледзячы на два паражэнні, наша каманда ўзышла на п’едэстал. Па выніках турніру пружанцы занялі трэцяе месца. Акрамя таго, лепшым нападаючым турніру названы Дзмітрый Валкагон з пружанскай зборнай.
Уладзіслаў Шпарла