Пружанскія фігурысты працягваюць сезон 2022/23. Чарговымі спаборніцтвамі сталі першынство Беларусі сярод юнакоў і дзяўчат «Зорачка» памяці Аляксандра Марозава і першы этап Кубка Беларускага саюза канькабежцаў.
Абодва турніры адбыліся ў Лядовым палацы спорту Гомеля. На працягу некалькіх дзён пружанская каманда фігурыстаў дарыла станоўчыя эмоцыі балельшчыкам і суддзям. Паназіраць за спаборніцтвамі і падтрымаць спартсменаў мог любы пружанец дзякуючы прамой трансляцыі на YouTube-канале Skating Union of Belarus.
Падчас першынства спартсмены адкаталі кароткую і адвольную праграмы. Вынікі ж спаборніцтваў для нашай каманды — гэта чатыры медалі. Адразу два з іх заваявала Злата Амельянюк: золата ў першым спартыўным разрадзе ў першынстве «Зорачка» і бронзу сярод кандыдатаў у майстры спорту ў Кубку БСК.
Яшчэ адна ўзнагарода — залаты медаль — у Васіля Барахоўскага. Ён паспяхова выступіў на Кубку саюза канькабежцаў і стаў пераможцам сярод КМС. Бронзавая ўзнагарода ў першым спартыўным разрадзе па выніках «Зорачкі» — ва Уладзіславы Чэхоўскай.
Трэба падкрэсліць, што нядрэнна выступілі і іншыя фігурысты каманды. Іх падрыхтоўкай займаюцца трэнеры Вольга Уважаная і Юрый Цішкоў, харэограф Таццяна Хадаровіч. Згодна з папярэднім раскладам, расслабляцца спартсменам няма калі: наступныя спаборніцтвы вельмі хутка.
Уладзіслаў Шпарла