
Выставу пад такой назвай падрыхтаваў з нагоды Калядных і Навагодніх святаў музей-сядзіба “Пружанскі палацык”. На ёй удала спалучыліся карціны маладой мінскай мастачкі Марыі Кузьміч і навагоднія цацкі з калекцыі брастаўчанкі Ганны Кавалёвай. А “вішанькай на торце” стала творчая сустрэча з гэтымі двума такімі рознымі і адначасова падобнымі ў сваім “казачным бачанні” жанчынамі.
Выстава аказалася цікавай, што называецца, і для малых, і для старых, таму на творчую сустрэчу сабраліся пружанцы літаральна ўсіх узростаў. Дзеці здзіўляліся разнастайным рэтра-фігуркам Дзедаў Марозаў і Снягурак. Людзі сталага ўзросту ўзгадвалі, што ў іх далёкім дзяцінстве пад упрыгожанай ёлкай стаялі менавіта такія навагоднія героі, зробленыя з ваты і пап‘е-машэ, пасыпаныя шкляной дробкай. І вярталіся ў сваю казку, у даўно забытае дзіцячае навагодняй ночы.
Ганна Кавалёва прызнаецца, што менавіта пра такое далучэнне да казкі ў наш прагматычны час і марыла, калі пачала збіраць сваю незвычайную калекцыю. Цяпер у яе хатнім музеі каля 500 Дзедаў Марозаў і іх казачных унучак, так што ў Пружаны прыехала толькі малая частка. Але пра кожную цацку калекцыянер можа распавесці цэлую гісторыю. А адначасова і пра само паходжанне навагодніх герояў, кнігі і фільмы з іх удзелам, пра фабрыкі Савецкага Саюза, дзе выпускаліся цацкі. Напрыклад, вы ведаеце, чаму спачатку ватныя Дзядулі Марозы былі ў паўкажушках і валёнках, а пазней займелі доўгія футры? Аказваецца, усё даволі проста: к канцу 1950-х павысіўся попыт на навагодніх герояў, а каб хутчэй зрабіць большую іх колькасць – работа ж ручная, адмовіліся ад дэталёвага вырабу ног.
На выставе прадстаўлены не толькі ватныя фігуркі: казачных персанажаў рабілі з пластыку і рызіны, пенапласту і футра, дрэва і гіпсу.

– А ў гэтай вітрыне – фарфоравыя Дзядулі Марозы і Снягуркі. Частка з іх мае цалкам практычнае прызначэнне, — кажа калекцыянер. – Гэта штофы — ёмістасці для напояў. А побач — шары-скрыначкі для чаю з навагоднімі роспісамі. Згадзіцеся, яны ўдала дапаўняюць калекцыю і ствараюць святочны настрой.
Дадам, што атмасферу навагодняга балю Ганне Кавалёвай дапамагалі стварыць члены яе сям‘і. І гэта насамрэч удалося.
“Група падтрымкі” была і ў мастачкі Марыі Кузьміч, якая з задавальненнем расказала прысутным пра свой творчы шлях. Варта сказаць, што Марыя – ураджэнка Пружан, таму павіншаваць яе з першай на малой радзіме выставай прыйшлі не толькі родныя, але і школьная настаўніца Вольга Балабушка, і педагог школы мастацтваў Таццяна Ячычка. Выпускніца Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава некаторы час выкладала ў школах мастацтваў Шарашэва і Пружан, а цяпер жыве ў Мінску, працуе дызайнерам-ілюстратарам.
На пэўным этапе Марыя зацікавілася стварэннем карцін у стылі Digital art, серыя якіх вельмі ўдала дапоўніла кампанію Дзедаў Марозаў. Мастачка расказала пра карыстанне сучаснымі камп‘ютарнымі тэхналогіямі, што, зразумела, было вельмі цікава юным навучэнцам мастацкага аддзялення, якія таксама прысутнічалі на сустрэчы. Але ж, мне здаецца, адметнасць любой мастацкай працы – не ў тэхніцы выканання, а ў бачанні аўтара, яго ўменні перадаць свой настрой, падзяліцца святлом душы.
- Як бачыце, мае ілюстрацыі, на якіх сябруюць людзі і звяры, ззяюць свечкі, ёлачныя агеньчыкі і зоркі на небе, рамантызуюць рэчаіснасць, — усміхаецца Марыя. – Але ж менавіта дабра, казкі, цеплыні так не хапае часам у жыцці…
У якасці падарунка пружанцам Марыя Кузьміч уручыла дырэктару музея Ангеліне Маруфенка сваю карціну з выявай любімага ёю Пружанскага палацыка. Прызнаецца, што малявала ўсю ноч перад паездкай у родны горад. Застаўся на пастаяннае пражыванне ў нашым музеі і адзін з Дзядуль Марозаў з калекцыі Ганны Кавалёвай.

Можна яшчэ шмат казаць пра цудоўную выставу, але лепш на яе паглядзець і самому хоць на момант акунуцца ў казку. Выстава “Чаканне цуда” ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” будзе працаваць да 30 студзеня. А пабываць у незвычайным хатнім музеі Ганны Кавалёвай у г. Брэсце можна па папярэдняй дамове з яго гаспадыняй, кантакты якой таксама ёсць у палацыку. Прыемных уражанняў!
Ірына Сядова. Фота аўтара.