Вось ужо 75 гадоў мінула з таго часу, як адгрымелі бітвы Вялікай Айчыннай вайны, але яшчэ не ўсе імёны і подзвігі герояў знайшлі сваё годнае месца ў ваенным летапісе нашай Радзімы.
Трагічным момантам для войскаў Заходняга фронту стаў першы дзень вайны. У той нялёгкі перыяд рашучы характар насілі ў тым ліку і дзеянні савецкай авіяцыі: лётчыкі праяўлялі, без перабольшання, непадробны гераізм і самаадданасць. Не ўсе з іх паспелі ўзняцца ў паветра, але ўжо тады авіятары выканалі каля 1900 баявых палётаў, знішчылі больш за 100 варожых самалётаў. Ды вядома пра подзвігі нямногіх.
На Пружаншчыне ёсць нямала месцаў, якія тояць у сабе гераічныя гісторыі савецкіх авіятараў. Але адшукаць гэтыя месцы з кожным годам становіцца ўсё цяжэй. Яно і зразумела: старажылаў, якія маглі б падзяліцца каштоўнымі ўспамінамі, застаецца ўсё менш. Асноўнае спадзяванне — на архіўныя звесткі. У верасні 2018 года сабраная з розных крыніц інфармацыя прывяла пошукавы атрад «Авіяпошук» у наваколле вёскі Ліберполь. У ходзе пошукавых работ аб‘яднаныя агульнай ідэяй людзі, якія вяртаюць з небыцця імёны воінаў Вялікай Айчыннай вайны, знайшлі тут фрагменты самалёта «СБ-2».
«СБ-2» — адзін з ключавых лёгкіх савецкіх бамбардзіроўшчыкаў трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, адзін з лепшых самалётаў свайго класа ў момант яго прыняцця на ўзбраенне. Але ён стаў ахвярай надта хуткага прагрэсу ў галіне самалётабудавання. Доследныя ўзоры бамбардзіроўшчыка лічыліся суперсучаснымі, калі ў кастрычніку 1934 года зрабілі свае дэбютныя палёты.
Сканструяваныя ў бюро А.М. Тупалева, гэтыя машыны ўвабралі ў сябе самыя апошнія ноу-хау авіябудавання: цэльнаметалічныя, з нізка размешчаным крылом, з закрытай кабінай і шасі, якое прыбіраецца. На аператыўнай вышыні машына магла развіваць хуткасць да 325 км у гадзіну. Гэта дазваляла лётаць хутчэй за многія перахватчыкі-біпланы, што знаходзіліся на ўзбраенні іншых краін. Першы доследны ўзор быў абраны ў якасці прататыпа экспартнай версіі, другі прызначаўся для ВПС СССР, на ўзбраенне якіх паступіў як «СБ-2» — хуткасны бамбардзіроўшчык.
Першы самалёт «СБ-2» лётныя часці савецкай ваеннай авіяцыі атрымалі ў лютым 1936 года. У кастрычніку таго ж года ён дэбютаваў у баі супраць іспанскіх фашыстаў. Сутыкнуўшыся з «СБ-2», праціўнікі былі ўзрушаны і кінуліся заказваць новыя знішчальнікі. Машына цудоўна паказвала сябе, пакуль не сустрэлася з больш сур’ёзным праціўнікам: з «Месершмітам Bf 109» — спачатку ў 1938 годзе ў Іспаніі, а затым падчас Фінскай вайны 1939-1940 гадоў, калі многія бамбардзіроўшчыкі «СБ» не вярнуліся з заданняў. Было вырашана «СБ-2» мадэрнізаваць.
З пачатку нямецкага ўварвання ў 1941 годзе новая версія самалёта прымянялася як дзённы бамбардзіроўшчык. Але «СБ-2» нёс велізарныя страты, і яго давялося задзейнічаць толькі ў начны час.
Мяркуецца, што экіпаж знойдзенага каля Ліберполя самалёта трагічна загінуў у першыя дні вайны. Траекторыя яго падзення і вялікая плошча, на якую разляцеліся знойдзеныя фрагменты, даюць падставу меркаваць з вялікай доляй верагоднасці, што экіпаж спрабаваў зрабіць вымушаную пасадку, але не змог. На аварыйнае сутыкненне з зямлёй паказалі разарваная панэль і фрагменты падлогі штурманскай кабіны.
Ніяк не абазначыць яшчэ адно выяўленае знакавае месца на Пружаншчыне не маглі: пра гэтую гісторыю, якая хаця яшчэ і поўная тайнаў і здагадак, нашчадкі проста абавязаны ведаць. Таму было прынята рашэнне ўвекавечыць памяць пра загінулых лётчыкаў. І ў маі сёлетняга года паблізу Ліберполя была ўстаноўлена шыльдачка з інфармацыяй аб падзенні самалёта. Ініцыятарамі выступілі жыхары Зеляневіцкага сельсавета: людзі сабралі ўласныя сродкі, каб прафінансаваць работы.
І хаця імёны герояў, якія тут загінулі, так і не ўдалося ўстанавіць і дапоўніць імі звесткі на сціплым памятным знаку, тым не менш, зроблена галоўнае — аддадзена даніна павагі рэальным людзям, якія загінулі за вызваленне і незалежнасць краіны. Мясцовыя жыхары перакананы, што падрастаючае пакаленне абавязкова павінна ведаць пра гэтае трагічнае месца і хаця б раз тут пабываць.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).