Пятница, 14 февраля 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Ядавітая змяя, калі ўкусіць свой хвост… здохне: разважаем пра санкцыі

261

Санкцыі, якія ўводзіць Еўрасаюз у адрас Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, працуюць не на карысць ЕЭС.

У адрас Расійскай Федэрацыі ўводзіцца ўжо дзявяты санкцыйны пакет. А Беларусь даўно прывыкла жыць пад санкцыямі. Калі сказаць праўду, то яны толькі ўмацоўваюць імунітэт, прымушаюць нашы прадпрыемствы працаваць якасна, некаторыя — пераходзіць на выпуск новай прадукцыі, знаходзіць больш перспектыўныя рынкі збыту, займацца імпартазамяшчэннем. Кіраўніцтву Еўракамісіі толькі хочацца сказаць: займаліся б вы сваімі прафесійнымі справамі, напрыклад, той жа гінекалогіяй, а не лезлі ў эканамічныя і палітычныя справы Саюзнай дзяржавы. Ды размова не пра гэта. Рабіць так еўракамісараў і дыпламатаў прымушае гегемон. Сваёй палітыкай там і не пахне.

Прымаючы загадзя не выгадныя для краін ЕЭС эканамічныя рашэнні, кіраўніцтва паводзіць сябе, як змяя, якая ў нямоглай злосці кусае свой жа хвост. Апаненту не нашкодзіла, сябе смерцю пакарала. Адмова ад расійскіх энерганосьбітаў, беларускіх калійных угнаенняў вядзе да росту цэн на камунальныя паслугі і на вытворчасць харчавання. Але не будзем галаслоўнымі, звернемся да лічбаў, якія не намі прыдуманы, а размешчаны на афіцыйных крыніцах Еўрасаюза. Гадавы ўзровень інфляцыі ў зоне еўра склаў 9,9% у верасні гэтага года, у жніўні быў 9,1%. Годам раней — 3,4%. Самыя высокія гадавыя паказчыкі інфляцыі зарэгістраваны ў Эстоніі — 24,1%, Літве — 22,5% і Латвіі — 22%.

А што ў нашых суседзяў — палякаў? Абапіраючыся на даследванні Consumer Mood, даследчай кампаніі GfK, можна канстатаваць, што 76% рэспандэнтаў чакаюць павышэння цэн на электраэнергію, 69% — на прадукты харчавання і 52% — на лекавыя прэпараты і вырабы медыцынскага прызначэння. У сваю чаргу, кожны чацвёрты паляк лічыць, што ў бліжэйшы час узровень інфляцыі пераадолее псіхалагічны бар’ер у 20%. Як зазначыла эксперт даследчай кампаніі Катажына Жакоўска, эканамічная і геапалітычная нестабільнасць паніжае бягучыя спажывецкія настроі палякаў, узмацняе песімістычныя прагнозы на будучае. Па дадзеных сайта polsatnews.pl, цэны на паліва на польскіх запраўках зноў пачалі расці. За самую папулярную «дзевяностапятку» зараз прыйдзецца заплаціць ад 6,81 да 7,79 злотага (па курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь 1 беларускі рубель каштуе 1,91 польскага злотага). Вось і лічыце, колькі трэба будзе аддаць за літр 95-га бензіну. Кошт на дызельнае паліва наогул перасягнуў 8 злотых за літр. На думку аналітыка Якуба Багуцкага, паліва яшчэ больш падаражэе. Як сцвярджае аналітык, дызель быў у асноўным расійскага паходжання. Ва ўмовах, калі паліва прыходзіцца атрымліваць з іншых накірункаў, сітуацыя становіцца напружанай.

Не лепшыя абставіны з палівам і ў Літве. Цэны там адны з самых высокіх у Еўропе. Сярэдні кошт літра бензіна Е95 на мінулым тыдні склаў 1,77 еўра. І гэта не мяжа. Яшчэ даражэй паліва каштуе ў скандзінаўскіх краінах, а таксама ў Аўстрыі, Германіі, Грэцыі, Эстоніі, Латвіі, Партугаліі.

На хвалі росту цэн на паліва адпаведна ўзрастаюць цэны на паслугі ЖКГ, на харчовыя і прамысловыя тавары.

Чаму так адбываецца? Ды таму, што зроблены выбар быць марыянеткамі ў заакеанскага лялькавода, прыпадабняцца да ядавітай змяі, якая кусае свой хвост. Кіраўніцтва большасці краін Еўрасаюза, асабліва суседніх з Беларуссю дзяржаў, наогул бяжыць наперадзе цягніка. Ці магчыма выжыць у такіх умовах?

Віктар Ільюшчанка