Воскресенье, 20 апреля 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Сацыяльна небяспечнае становішча: трапіць – проста, выбрацца – цяжэй

237

На гэты раз паразважаем пра сям’ю, яе важную ролю ў грамадстве, пра сацыяльнае сіроцтва пры жывых бацьках, пра тое, што, на жаль, не ўсе сем’і шчаслівыя, ёсць па-свойму і няшчасныя. Хто ж у гэтым вінаваты?

Галоўнае пытанне, якое разглядалася на прайшоўшай сесіі раённага Савета дэпутатаў, гучала так: «Аб арганізацыі прафілактычнай работы з сем’ямі на розных этапах крызісу ў рамках выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 г. №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няшчасных сем‘ях». Дакладваў па гэтым пытанні намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Руслан Супрыновіч. У дакладзе чырвонай ніткай прайшло, што павялічылася колькасць сем‘яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы (СНС).

Давайце крыху разбяромся, чаму. Справа ў тым, што пабольшала колькасць крытэрыяў, якія служаць перадумовай, каб трапіць у такую катэгорыю грамадзян. Яно, можа, і правільна. Як кажуць, моцная сям’я — моцная дзяржава, калі наадварот, то няма падмурку, на якім будуць трымацца і дзяржава, і грамадства.

Нельга не пагадзіцца са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам, які выказаў думку, што большасць сем’яў, якія трапляюць ў катэгорыю СНС, нарадзілася і выхоўвалася напрыканцы 1980-х, пачатку 90-х гадоў. Гэта быў час, калі ідэалагічны падмурак разбурылі, а на яго месцы нічога не ўзвялі. З’явіліся нейкія палітолагі, гісторыкі з «разумнымі» тварамі, якія вяшчалі, як кажуць, амаль з кожнага праса. Гэтыя вешчуны і знішчылі ідэалагічны падмурак, які па цаглінцы выбудоўваўся дзесяцігоддзямі, утапталі ў бруд, а зверху яшчэ і памыі вылілі. Туды ж пайшлі і сямейныя каштоўнасці, адбылася так званая сексуальная рэвалюцыя. Але што з ўсім гэтым рабіць, ніхто не сказаў. Людзі, як маглі, разбіраліся самі. Глушылі тугу спіртам «Раяль», хадзілі з панурымі галовамі, пастаянна гледзячы сабе пад ногі з надзеяй: можа, хто капейку згубіў? — выжывалі як умелі. Экраны тэлевізараў запаланілі «спяваючыя трусы», хлопчыкі, падобныя да дзяўчынак, і дзяўчынкі, падобныя да хлопчыкаў. Лічылася за гонар «адкасіць» ад службы ў арміі, абдурыць, абабраць, абрабаваць. Псеўдакультура «дзявятым валам» папёрла з Захаду так, што, здавалася, захлынуцца можна. Прапаў аўтарытэт школы, сям’і, грамадства.

Якое ў такіх умовах можа быць выхаванне? І зараз мы атрымалі тое, што «выхоўвалася» ў ліхія 90-я. На шчасце, далёка не ўсе падпалі пад раздачу падобнага выхавання, але яны ёсць. Уразіў адказ адной з «мам», калі за нядбайнае выхаванне дзяцей, пастаянную п’янку адбіралі ў яе дзяцей для афармлення ў сацыяльны прытулак. Услед яна кінула: «Забірайце, я яшчэ нараджу».

Раней мне даводзілася неаднойчы бываць у такіх няшчасных сем‘ях, з болем у сэрцы бачыць, у якіх ўмовах даводзіцца жыць малым. Неаднойчы быў і ў сацыяльным прытулку. Там дзеткі чакаюць сваіх бацькоў, вельмі жадаюць вярнуцца да іх. Добра, калі тыя схамянуцца, працверазеюць і зразумеюць, што гэта іх дзеці, што за іх яны нясуць поўную адказнасць.

Як я казаў раней, трапіць у сацыяльна-небяспечнае становішча вельмі проста. А вось як выйсці з яго? Задумацца пра свае ўчынкі, — у першую чаргу.

Падводзячы вынікі, скажу, што стварыць добрую сям’ю вельмі дарагога каштуе. А пранесці каханне і павагу адзін да аднаго, выхаваць дастойных дзяцей, якія і ў старасці цябе не пакінуць, яшчэ даражэй. Гэтаму трэба вучыцца з маленства. Хто навучыць, залежыць ад нас з вамі.

Віктар Ільюшчанка