Суббота, 14 декабря 2024

Калонка галоўнага рэдактара. Працягваецца падпіска на газету для вас і пра вас — «Раённыя будні»

191

З 20 кастрычніка пайшоў 84-ы год з дня нараджэння газеты. Увесь гэты час выданне было насычана падзеямі, непасрэдна звязанымі з жыццём Пружанскага раёна. На старонках «Раённых будняў» можна было знайсці разнастайную інфармацыю, аповеды пра нашых славутых землякоў, людзей працы: аграрыяў, будаўнікоў, медыкаў, педагогаў, культработнікаў і многіх іншых.


Напэўна, нашы чытачы, заўважылі, што ў бягучым годзе газета змяніла свой дызайн, стала больш інфармацыйнай і аператыўнай па апублікаванні навін. Пастараемся і далей радаваць нашых чытачоў аператыўнасцю і інфармацыйнасцю. Але асноўны ўпор мы імкнёмся рабіць на расказ пра жыхароў нашага раёна, заслужаных людзей, гістарычных асоб, падзей.

Не будзем абыходзіць і праблемныя тэмы, каб разам з чытачамі змагацца з безгаспадарчасцю, рабіць нашу Пружаншчыну прыгожай і ўтульнай, імкнуцца, каб не скарачалася колькасць яе жыхароў, а, наадварот, павялічвалася.

Асобнае месца будуць займаць аналітычныя матэрыялы, якія заклікаюць да разважання, магчыма, спрэчак.

Паважаныя чытачы, пастаянныя падпісчыкі, многія з вас, напэўна, ужо звярнулі ўвагу на павелічэнне падпісной цаны на газету. На жаль, мы вымушаны былі ў гэтым годзе пайсці на такую меру: кошт падпіскі не мяняўся на працягу некалькіх гадоў, але раслі выдаткі на друкаванне газеты і паслугі пошты — каля 80%. У выніку сабекошт газеты перавысіў сукупны даход ад падпіскі і рэкламы — з 6,5 да 7,7 руб. у месяц. А менавіта ад колькасці нашых падпісчыкаў залежыць далейшая работа вашых любімых аўтараў і, наогул, існаванне выдання. У цяжкія гады, калі пандэмія каранавіруса зрабіла сваю чорную справу, колькасць насельніцтва Пружанскага раёна скарацілася. Гэта значыць, што і газета стала страчваць сваіх адданых не адзін дзясятак гадоў чытачоў.

Нямала існуе меркаванняў: маўляў, навошта выпісваць газету, калі ўсё можна прачытаць у інтэрнэце, вы ж вялікую частку інфармацыі даеце на сваім сайце, у розных месенджарах. Яно, можа, і так, але, па-першае, газета — гэта адзіны рэсурс, які аб‘ядноўвае і папяровую версію, і сайт, і групы ў сацыяльных сетках, і месенджары. Адно без другога проста не зможа існаваць. Па-другое, калі весці гутарку пра сусветнае павуцінне, то не факт, што і надалей можна будзе свабодна ім карыстацца. Мне нагадалася песня з вядомага кінафільма «Зямля Саннікава»: «Прывідна ўсё ў гэтым свеце бушуючым…». Дарэчы, па апошніх доследах навукоўцаў можна зрабіць выснову, што завісанне ў інтэрнэце вядзе да дэградацыі мозгу. «Жывое» ж чытанне перыёдыкі, кніг, наадварот, развівае. Сумняваецеся? Калі б мне хто сказаў гадоў дзесяць назад, што ў суседняй краіне будзе ісці вайна, будуць гінуць мірныя людзі, якія сталі заложнікамі брудных гульняў палітыкаў, я б падумаў пра здароўе розуму субяседніка. Але так усё і ёсць.

Так што газета будзе выходзіць заўсёды. Мы, стваральнікі вашага добрага сябра, імя якому «Раённыя будні», прапануем вам аформіць падпіску ў паштальёнаў, у аддзяленнях сувязі альбо ў кіёсках «БелДруку».

Заставайцеся з намі, а мы не падвядзём!

Віктар Ільюшчанка


Кошт падпіскі на «Раённыя будні» ў І паўгоддзі 2023 года

Цана на адзін месяц:

  • індывідуальная, серада і субота (63949) — 13,19 руб.,
  • індывідуальная, суботні нумар (63648) — 11,20 руб.,
  • ільготная для пенсіянераў, шматдзетных сем‘яў, інвалідаў (63294) — 12,80 руб.,
  • для юрыдычных асоб, якія афармляюць падпіску для сваіх работнікаў, пенсіянераў і г.д. (639492) — 16,57 руб.,
  • ведамасная (64164) — 17,87 руб.

Таксама можна аформіць падпіску без дастаўкі на пошце (забіраць самому ў паштовым аддзяленні) або ў «Белсаюздруку» (забіраць самастойна ў кіёску). Кошт такой падпіскі ніжэйшы: падпіска на сераду і суботу будзе каштаваць адпаведна 11,95 і 11,55 руб.

Усе, хто падпішацца на газету на 1 месяц, атрымаюць магчымасць даць бясплатную прыватную аб‘яву, хто падпішацца на квартал ці паўгоддзе — аб‘яву і віншаванне.