Понедельник, 21 апреля 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Жывая моц Асноўнага Закона

395

Сёння мы адзначаем Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, па якой жыве наша незалежная краіна 31 год.

Жыццё не стаіць на месцы, Беларусь развіваецца даволі высокімі тэмпамі. За тэрмін нашай незалежнасці многае што памянялася, нейкія артыкулы Канстытуцыі з цягам часу трэба было ўдасканальваць, дапаўняць. Яно і зразумела, Канстытуцыя — гэта не застыўшы ў мармуры арыенцір для грамадства, гэта, як сказаў адзін з палітолагаў, жывы арганізм, які дыхае, развіваеццца разам з грамадствам. Нагадаем, што ў Канстытуцыю былі ўнесены нязначныя дапаўненні 17 кастрычніка 2004 года і даволі значныя — 27 лютага 2022 года. Апошнія змяненні і дапаўненні ўнесці ў Асноўны закон патрабаваў час. Перад тым, як правесці рэферэндум аб гэтым, ішло ўсебаковае абмеркаванне новай рэдакцыі Канстытуцыі. Прымаліся на разгляд усе прапановы грамадзян, прадстаўнікоў працоўных калектываў. Нарэшце, у дзень правядзення рэферэндуму большасцю галасоў новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь была адобрана народам.

Колькі выцця было ў так званай несістэмнай апазіцыі, якая з-за «бугра» спрабавала ўставіць свае «пяць капеек» у электаральную кампанію. Не ўдалося, людзі сваім галасаваннем зрабілі «адлуп» розным забугорным ценявікам і палітычным дарадцам, якія так прагнуць праглынуць нас за абяцанкі «светлага» жыцця.

Адрэдагаваная Канстытуцыя, прынятая ў лютым 2022 года, прадугледжвае процістаянне знешнім выклікам, замацоўвае інстытут сям’і, канчаткова і беспаваротна забараняе перапісванне нашай гісторыі, арыентуе на патрыятычнае выхаванне моладзі. Вышэйшым органам народаўладдзя з’яўляецца Усебеларускі народны сход.

Можа нехта паспрабуе аблаяць мяне, але скажу, што трэба сказаць «дзякуй», што некаторыя негатыўныя падзеі ў 2020 годзе ўскалыхнулі наша грамадства, як лакмусавая паперка выдзелілі «засланых казачкоў», якія спрабавалі ўкараніцца ў нашым грамадстве і, як той чарвяк, падточваць фундамент краіны, жэрці карані, каб разваліць знутры, а пасля прадаць за пятак. Мы згуртаваліся вакол нашага лідара, разам адстаялі Беларусь і працягваем развівацца. Многія з тых, хто ў 2020 годзе скакаў з бчбэшнымі анучамі па плошчах і вуліцах нашых гарадоў, схамянуліся, прызналі, што былі быццам пад гіпнозам, у сне, хто збег па плюшкі за мяжу, прызналі, што лепей Радзімы нашай сінявокай Беларусі, нідзе няма. Мы і нашы дзеці жывем у бяспецы, усяго ў нас хапае, толькі не лянуйся, працуй і жыццё будзе наладжвацца.


Са святам вас, паважаныя беларусы!

Віктар Ільюшчанка