Заканчваюцца восеньскія школьныя канікулы. У аўторак нашы дзеці зноў пойдуць у школу. Пачынаецца другая вучэбная чвэрць.

Гэта самыя кароткія школьныя вакацыі. Наўрад ці хтосьці з дзяцей разам з бацькамі адпраўляўся некуды на адпачынак за межы раёна, вобласці, краіны. Можа, некаторыя і паехалі, каб арганізаваць сваім малым аздараўленчую праграму. У большасці ж выпадкаў графік штогадовага адпачынку дарослых не супадае са школьнымі вакацыямі. Бывае, што прыходзіцца адрываць дачку, сына ад школьнай праграмы і даваць аздараўленне ў зручную пару года. Я асабіста супраць гэтага, бо давядзецца потым «даганяць» аднакласнікаў. А яшчэ пытанне: ці дагоніш?
У Беларусі да абставін, калі ў час навучальнага перыяду бацькі едуць адпачываць і бяруць з сабой сваіх дзяцей, улады адносяцца лаяльна. А як у нашых суседзей? Адразу скажу, што бацькоў чакаюць даволі жорсткія пакаранні. Напрыклад, у Літве за адпачынак з дзецьмі ў неналежны час бацькоў чакаюць не толькі штрафы: яны адразу трапляюць у поле зроку службы па абароне правоў дзіцяці. Санкцыі пагражаюць нягледзячы на тое, што кіраўніцтва школы дазваляе вучню паехаць. У Літве дзеці да 16 гадоў абавязаны вучыцца.
Праўда, да жорсткіх мер прыбягаюць не адразу. Спачатку — папярэджванне, а потым штраф ад 50 да 200 еўра. У асобных выпадках за такія парушэнні бацькоў могуць абавязаць наведваць курсы па прэвенцыі алкагалізму і наркаманіі, рэсацыялізацыі, удасканаленні зносін з дзецьмі, змяненні гвалтоўных паводзін.
«Увесь праведзены ў школе час важны для дзяцей. Калі дзеці не ходзяць у школу, у першую чаргу яны самі і пакутуюць з-за гэтага. Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця адназначна сцвярджае, што дзеці, якія часцей прапускаюць заняткі ці спазняюцца на ўрокі, вучацца горш за сваіх аднагодкаў», — указаў прадстаўнік Міністэрства навукі, адукацыі і спорту Літвы Дайнорас Лукас.
Аднак кіраўніцтва школ лічыць гэты парадак нелагічным. «Нельга, забараняем, караем — гэта у нас нармальна. Але, я думаю, забаронамі і спагнаннямі добрых вынікаў дабіцца нельга. Ёсць іншы бок — чалавечы», — сказаў дырэктар прагімназіі імя Эміліі Плятэрытэ Гінтарас-Альфонсас Петроніс.
А што нашы чытачы думаюць на гэты конт? Такія «драконаўскія» метады ўсім даспадобы?
Віктар Ільюшчанка