Четверг, 17 апреля 2025

Калонка галоўнага рэдактара: з газетай у новы год

214

Снежань — гэта месяц, калі нашы старыя сябры (а, спадзяюся, і новыя) змогуць аформіць падпіску на раённую газету на наступны год.

Наш слоган «Свая газета — у кожны дом» напоўнены асаблівым сэнсам. Мы імкнемся і прыкладаем максімум сіл, каб газета «Раённыя будні» стала сваёй у кожным доме, кватэры, офісным будынку, на вытворчасці… Штат творчых і тэхнічных работнікаў рэдакцыі працуе над тым, каб «раёнка» была цікавай і жаданай, даносіла да кожнага даступную інфармацыю.

Што чакаюць газету многія, вядома з тэлефанаванняў, якія да нас паступаюць. Мы рады такім зваротам. Калі людзі хвалююцца, што выданне не даставілі своечасова, стараемся максімальна выправіць сітуацыю.

Дарэчы, з нашымі паважанымі паштовымі работнікамі мы заўсёды на сувязі, працуем у цеснай звязцы. Вось і зараз, калі пачалася падпісная кампанія, некаторыя чытачы сталага ўзросту скардзяцца ў рэдакцыю, што не дайшлі да іх супрацоўнікі службы дастаўкі, якія замянілі паштальёнаў, і не выпісалі ім «раёнку». Адразу звязваемся з начальнікам участка паштовай сувязі Таццянай Ільяшэвіч. Яна аператыўна накіроўвае супрацоўніка па патрэбным адрасе.

У наступным годзе газета плануе рэалізаваць шэраг новых праектаў. Напрыклад, мы ўводзім рубрыку «Прафсаюзы ў асобах», дзе будзем расказваць пра старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый, прафсаюзных актывістаў, якія сваёй дзейнасцю дапамагаюць развівацца той альбо іншай арганізацыі, прадпрыемству, установе.

2024 год чакаецца багатым на розныя падзеі. Па-першае, 25 лютага пройдзе адзіны дзень галасавання, на якім мы будзем выбіраць дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў абласнога, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Па-другое, год стане юбілейным для нашай вобласці: Брэстчыне споўніцца 85 гадоў. У ліпені споўніцца 80 гадоў з дня вызвалення Пружан і ўсёй нашай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А яшчэ ў 2024 годзе ў нашым райцэнтры плануецца правесці рэспубліканскі культурна-спартыўны фестываль «Вытокі». Як бачыце, ёсць пра што расказваць на старонках раённай газеты.

Будзем традыцыйна знаёміць чытачоў з работай усіх галін, перадавікамі вытворчасці, адукацыі, аховы здароўя і інш., знакамітымі землякамі, якія жывуць за межамі раёна і там праслаўляюць нашу Пружаншчыну.

І абавязкова ў наступным годзе працягнем выпраўляць розныя недахопы, якія робяць наша жыццё не зусім камфортным. Аб фактах безгаспадарчасці тэлефануйце нам, будзем разам весці барацьбу з імі. Серыю праблемных і крытычных матэрыялаў працягнем публікаваць на старонках газеты.

Наступны год аб’яўлены Годам якасці. Раённае выданне далучаецца да мерапрыемстваў пад гэтым знакам. Абяцаем нашым сябрам якасную падрыхтоўку журналісцкіх матэрыялаў. Ведайце, што мы працуем толькі для вас, нашы паважаныя падпісчыкі.

Віктар Ільюшчанка