Понедельник, 12 мая 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Як знайсці ўправу на тых, хто смеціць?

377

У гэтым матэрыяле гаворка пойдзе не пра хатніх жывёл, якія рохкаюць і рыюцца ў гноі, а пра людзей, якія засмечваюць навакольнае асяродзе, «арганізоўваюць» несанкцыянаваныя звалкі. І пра тое, якія штрафныя санкцыі за засмечванне прыроды прадугледжаны.

Кожны панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама робіць справаздачу начальнік Пружанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Дрозд. Паведамленне Вольгі Міхайлаўны заўсёды суправаджаецца фотаматэрыяламі, на якіх паказаны не прыгожыя кветнікі, чысціня вуліц і сквераў, а сметнікі, утвораныя людзьмі, на самых розных месцах, на якіх смецця ўвогуле не павінна быць. Стыхійныя звалкі не толькі псуюць выгляд, але і наносяць шкоду прыродзе. Так, ёсць у гэтым плане некаторыя недапрацоўкі суб’ектаў гаспадарання. Пасля заўвагі, выдачы прадпісанняў, кіраўнікі арганізацый, прыдпрыемстваў, устаноў раёна стараюцца аператыўна ўхіліць выяўленыя сметнікі, бо ведаюць: пасля будуць прыменены буйныя штрафы. Гэтыя ж грошы лепей патраціць на карысныя справы. Звернемся да заканадаўства аб абыходжанні з адходамі. Так у артыкуле 16.44 «Парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі» ў пункце 3 напісана наступнае: «Парушэнне іншых патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі — цягне накладанне штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрыймальніка — да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — да тысячы базавых велічынь». Згодна з пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 красавіка 2022 года № 219 вызначаны таксы памеру кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю яго засмечваннем адходамі ў залежнасці ад відаў (падвідаў) зямель, у межах якіх навакольнае асяроддзе засмечана адходамі:

  • лясныя землі — 0,7 базавых велічынь за 1  м²,
  • нелясныя землі ляснога фонду — 0,46 б.в.,
  • ворныя землі — 0,77 б.в.,
  • абложныя землі — 0,48 б.в.,
  • землі пад пастаяннымі культурамі — 0,77 б.в.;
  • лугавыя землі: палепшаныя — 0,57 б.в., натуральныя — 0,29 б.в.;
  • землі пад драўнінна-хмызняковай расліннасцю (насаджэннямі) — 0,23 б.в.,
  • землі пад балотамі — 0,23 б.в.,
  • землі пад воднымі аб’ектамі — 0,3 б.в.,
  • землі пад дарогамі і іншымі транспартнымі камунікацыямі — 0,38 б.в.,
  • землі агульнага карыстання — 0,5 б.в.,
  • землі пад забудовай — 0,39 б.в.,
  • парушаныя землі — 0,15 б.в.,
  • невыкарыстоўваемыя землі і іншыя землі, якія не ўказаны ў гэтым палажэнні — 0,23 б.в., усё гэта, нагадаю, за адзін квадратны метр.

У гэтай жа пастанове ўказваюцца таксы для вызначэння памеру кампенсацыі шкоды, якую прычынілі навакольнаму асяродзю яго засмечваннем адходамі ў залежнасці ад ступені і класа небяспечнасці адходаў за адну тону:

  • бяспечныя адходы — 1,12 б.в.,
  • небяспечныя адходы: першага класа небяспечнасці — 113,61 б.в., другога — 33,33 б.в., трэцяга — 11,09 б.в. чацвёртага — 5,54 б.в.;
  • адходы, па якім не ўстаноўлены ступень і клас небяспечнасці — 113,61 б.в.

Як бачыце, плаціць за шкоду ўчыненую прыродзе, трэба будзе нямала. І вінаватых знаходзяць, папярэджваюць, а пасля б’юць рублём, і добра б’юць.

Не меншую шкоду навакольнаму асяроддзю наносяць і тыя, хто вызначыў для сябе месцамі звалкі абочыны дарог, лес. Калі праехаць па нашых дарогах, то такога можна набачыцца — жах! У лясных масівах валяюцца поўныя смеццевыя пакеты, якія так цяжка было давезці да кантэйнераў з бытавымі адходамі. Хто гэта робіць? Ну вядома — тыя, хто так добра прыбраўся ў сябе на дачы, ўсё вычысціў, вышкраб, зрабіў прыгажосць, смецце склаў у пакеты і добрасумленна ўсё гэта выкінуў з вакна аўтамабіля на абочыну дарогі ці завёз у лес, арганізаваўшы тым самым несанкцыянаваную звалку. Перш чым такое зрабіць, рохніце накшталт свінні, дакраніцеся да носа — ці няма там пятачка? Хаця дарма мы ўзводзім паклёп на свіней, гэта здаецца, што яны самыя брудныя жывёлы. Насамрэч, апаражняюцца яны толькі ў адным месцы, у якім ніколі не лягуць адпачываць. Не кожны з людзей так робіць, асабліва тыя, хто забруджвае наваколле бытавымі адходамі.

Прывучацца не кідаць смецце трэба з малых гадоў. Назіраў неяк такую карціну: упэўненымі крокамі ідзе малы, за ім — мама, дзіця кідае на дарогу пусты пакет — а ад мамы ніякай эмоцыі, абое важна пакрочылі далей. Вывады рабіце самі.

Віктар Ільюшчанка

Фота Кацярыны Масік