Понедельник, 2 декабря 2024

Калонка галоўнага рэдактара. Хто да беларусаў з мірам, таму мы заўсёды рады

203

У беларусаў такія якасці, як гасціннасць, добразычлівасць, адкрытасць заўсёды былі ў крыві. Гэта ў нас закладзена на генным узроўні.

Мы заўсёды добра ставіліся да тых, хто прыходзіў з мірам. Але ніколі не цярпелі захопнікаў, якія спрабавалі знішчыць нас як этнас, нацыю, людзей. Хто толькі не спрабаваў гэта зрабіць. Не атрымалася.

Беларусь — адкрытая краіна, якая сваім існаваннем, развіццём даказвае, як на даволі невялікай тэрыторыі можна пабудаваць сацыяльнаарыентаваную дзяржаву, якая клапоціцца пра ўсіх — ад самых маленькіх сваіх грамадзян да людзей сталага ўзросту. Вось нядаўна зноў павысіўся памер дапамогі на ўтрыманне дзяцей, пастаянна павышаюцца пенсіённыя выплаты. Усё робіцца дзеля таго, каб людзі адчувалі клопат дзяржавы аб сённяшнім дні і нашым будучым. Краіна поўнасцю забяспечвае свае патрэбы ў прадуктах харчавання, прамысловых таварах. Ва ўмовах пастаянных санкцый мы навучыліся многаму, знайшлі шляхі, чым замяніць тыя тавары, што спынілі экспарціраваць да нас. У нас вырабляюцца свае «хамон», «пармезан» і многія іншыя прысмакі.

Тое, што ў маленькай Беларусі ўсё добра, вельмі не да спадобы нашым ворагам, асабліва тым, хто спіць і бачыць, як знішчыць нас, прымусіць скарыцца. Нас спрабавалі надурыць абяцанкамі «светлага» жыцця. Але, як кажуць: «плавалі — ведаем». Нядобрым прыкладам для нас з’яўляюцца прыбалтыйскія краіны, дзе сваёй вытворчасці ўжо няма, скарачаецца насельніцтва, а ўзровень бюджэту залежыць ад таго, што перападзе з панскага стала. Трэба зазначыць, што перападае не так і шмат. Каб неяк выкруціцца, павышаецца кошт «камуналкі», медыцынскага абслугоўвання, скарачаюцца сацыяльныя праграмы.

Самым жа яскравым прыкладам для беларусаў стала суседняя, некалі вельмі заможная, Украіна, багатая на ўрадлівыя землі, прыродныя выкапні, з развітай прамысловасцю. Дзе ўсё? Даўно знішчана, прададзена… А каб людзі не ўсведамлялі гэтага, заходнімі ідэолагамі запушчаны «пужалкі» пра нядобрых беларусаў, рускіх, якія спяць і бачаць падмяць пад сябе прыбалтаў, украінцаў, заадно і на палякаў паквапіцца. Каб пазбегнуць гэтага, трэба перакрыць дзяржграніцы. Мы ж, наадварот, гатовыя прыняць усіх, паказаць, як жывецца-можацца, чаго дасягнулі, пра што марым, чым гатовыя падзяліцца. Таму Прэзідэнт краіны і прыняў рашэнне працягнуць да канца 2024 года бязвізавы ўезд для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы. Прыязджайце, мы для добрых людзей заўсёды адкрытыя. Ведаеце, едуць, нягледзячы на ўсялякія перашкоды з боку ўлад гэтых краін.

Сябрую з сям’ёй, якая яшчэ не так даўно жыла ў Чэхіі. Яна — беларуска, ён — чэх. Зусім нядаўна пераехалі ў Беларусь. Мілан — гэта імя чэха — толькі і паспявае адсылаць сваім родным і знаёмым у Чэхію невялікія ролікі аб тым, як жывецца ў Беларусі, якімі таварамі запоўнены нашы магазіны ва ўмовах санкцый. Хутка будзе год, як Галіна і Мілан жывуць у Беларусі, пераязджаць назад і не думаюць. Як кажа Мілан, «нам тут добра, сытна і мірна». Калі не верыце, што так яно і ёсць, прыязджайце ў Беларусь, усё ўбачыце на свае вочы.

Віктар Ільюшчанка