Воскресенье, 19 января 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Вяртанне на шлях праўдзівы

155

Нядаўна да Дня народнага адзінства Прэзідэнт памілаваў 30 чалавек, асуджаных за злачынствы пратэстнай накіраванасці. Мала таго, у тых, хто збег за граніцу і вельмі жадае вярнуцца на Радзіму, такая магчымасць ёсць таксама.

Трэба толькі напісаць заяву ў камісію па разглядзе зваротаў грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой Рэспублікі Беларусь, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў. Там зробяць дэталёвую праверку і, калі ты не здзейсніў злачынства, якое цягне на крымінальны артыкул, то, калі ласка, вяртайся, прынось карысць краіне, свайму народу і сабе. Калі ж пакінуў на Радзіме брудныя сляды, то нейкую адказнасць давядзецца несці. Многія гатовы ўсё прайсці і перацярпець, толькі б вярнуцца на Радзіму. Гэта ведаю не па чутках. І мы кожнаму, хто адумаўся, пераасэнсаваў свае погляды, рады. Нас і так не вельмі шмат, ды і не любім мы вандраваць па свеце ў пошуках лёгкага хлеба, дарэмнага жыцця, карункавага сподняга… Не з таго мы цеста злеплены. Мы любім нашу зямлю, любім на ёй працаваць, гасцінна сустракаць сяброў, частаваць іх нашымі разнасоламі.

А што ж так званая вярхушка збеглых? А яна заварушылася, стала ёй неспакойна, асабліва паненцы Ціханоўскай. Пачала раз-пораз кідаць ролікі з пужалкамі, маўляў, сто разоў падумайце, перш чым вяртацца ў Беларусь. Там вас чакаюць страшэнныя сілавікі, якія адразу арыштоўваюць і без суда і следства адпраўляюць у турму. Паўтаруся, хто не здзейсніў крымінальнае злачынства, той будзе жыць і працаваць свабодна. Працытую некалькі адказаў, якія беларусы пакінулі пад адным з такіх палахлівых ролікаў катлетнай феі.

Юрый: «Так проста не штрафуюць і не арыштоўваюць. А хто супраць дзяржавы пайшоў, то і дзяржава забярэ тое, што дала».

Сяргей: «Першы раз чую пра затрыманні».

Tomarsas: «Калі чалавек нідзе не запэцкаўся, яго адпускаюць».

Таццяна: «Сяброўка маёй нявесткі прыехала ў госці з мужам айцішнікам з Польшчы, нікога не затрымалі».

Peter: «Павінна (размова пра Ціханоўскую — заўв. рэд.) зразумець: перад законам усе роўныя. Па некаторых турма моцна плача. Можна здагадацца па кім».

Такіх каментарыяў шмат. Пад тым палахлівым ролікам іх больш за трыста. Ёсць і адбрэхванні зацятых змагароў, маўляў, вы там усе рабы, няма свабоды слова, жывяце пад прыгнётам, а мы тут у дэмакратычных краінах квітнеем. Ага, ведаю аднаго такога, які таксама так пісаў, а сам «квітнеў» на працы ад світання да змроку. Большая частка заробку ішла на квартплату і медыцынскія паслугі. На смачна паесці амаль нічога не заставалася. Дык якую ж там свабоду знайшоў? На гэтае пытанне мой апанент так і не змог даць зразумелы адказ. Кінуў апошнюю фразу «Вы там усе рабы» і заблакаваў мяне. Калі няма чаго адказаць, звычайна крычаць «Сам дурань!» — і на ўцёкі. Але, колькі не бегай, ад сябе і сваіх каранёў не збяжыш. Там, дзе нарадзіліся, там і спатрэбіліся. І так было заўсёды.

Віктар Ільюшчанка