Понедельник, 16 сентября 2024

Калонка галоўнага рэдактара. Вы — з намі, а мы — з вамі: няхай «раёнка» прыходзіць у кожны дом!

633

Добра, калі старыя сябры ідуць з намі праз жыццё, а яшчэ лепш, калі да іх далучаюцца новыя, са сваімі поглядамі, інтарэсамі, думкамі, перажываннямі, ідэямі.

Набрала абароты падпісная кампанія на другое паўгоддзе 2022 года. Сярод вялікага асартыменту розных выданняў, часопісаў, газет, ёсць месца і нашым “Раённым будням”. Прыемна ўсведамляць, што “раёнка” займае чацвёртае месца сярод аналагічных друкаваных выданняў Брэсцкай вобласці па тыражы. Нас апераджаюць толькі Столінская, Пінская і Баранавіцкая раённыя газеты. Але ж і колькасць насельніцтва там значна вышэйшая, чым у нас. Ды ўсё гэта не азначае, што супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Раённыя будні” павінны на гэтым супакойвацца. Не, нам трэба працаваць так, каб на наша выданне імкнулася падпісацца найбольшая колькасць чытачоў. Гэта і стараемся рабіць.

Думаю, падпісчыкі заўважылі, што ў гэтым годзе “раёнка” змянілася. Магчыма, гэта і не самакрытычна, але, як мне здаецца, не ў горшы бок. Стаў больш дасканалым дызайн газеты, з’явіліся новыя рубрыкі, стала больш насычанай інфармацыйнасць публікацый. Мы імкнемся ўлічваць усе запатрабаванні, пажаданні нашых чытачоў. Працягнем гэта і ў наступным паўгоддзі. У прыватнасці, пастараемся павялічыць шрыфт матэрыялаў, каб чытачы больш сталага ўзросту не напружвалі зрок. Для нас вельмі важна, каб газета дапамагала вырашаць многія праблемы, якія ўзнікаюць у нашым раёне. Для гэтага будзем трымаць у тонусе тых, хто павінен наша жыццё рабіць камфортным, працаваць над тым, каб наш раён быў прыгожым, утульным, каб сюды любілі прыязджаць турысты, а мы не саромеліся за нашы населеныя пукты, дарогі, сэрвіс.

На старонках газеты па-ранейшаму будуць друкавацца артыкулы, якія задаволяць інтарэсы людзей самых розных узростаў: ад самых маленькіх — да пажылых.

Пружаншчына — аграрны раён. Таму мы павінны ўсебакова асвятляць дзейнасць аграрыяў, расказваць пра перадавыя тэхналогіі вытворчасці жывёлаводчай прадукцыі, раслінаводства, перапрацоўчай прамысловасці. Але пры гэтым не абмінаць недахопы ў рабоце аграрнага сектара эканомікі.

Пружанскі раён заўсёды галасаваў за здаровы лад жыцця. Аб гэтым журналісты “раёнкі” расказваюць у многіх сваіх артыкулах. Гэтаму мы і далей будзем удзяляць вялікую ўвагу.

Каб прымаць заўвагі, скаргі жыхароў раёна, зноў будзе несці дзяжурства на тэлефоннай лініі супрацоўнік рэдакцыі. Мы будзем дапамагаць вырашаць праблемы, рабіць наша жыццё лепшым.
На старонках знойдзецца месца не толькі навінам раёна, матэрыялам аб дзейнасці мясцовай улады, але вобласці і краіны ў цэлым. Раённая газета будзе вашым сябрам, дарадцай, памочніцай і цікавай суразмоўцай.

Засталося няшмат часу да завяршэння падпіскі на ліпень. Таму паспяшайцеся ў аддзяленні сувязі, да паштальёнаў, каб аформіць падпіску на наша выданне. Таксама можаце падпісацца на газету ў кіёсках “Белсаюздруку”, падпісная цана тут крыху таннейшая, толькі забіраць выданне вы будзеце самі.

Заставайцеся з “раёнкай”! Няхай яна прыходзіць у кожны дом.

З павагай, Віктар Ільюшчанка