Пятница, 17 января 2025

Калонка галоўнага рэдактара: Усё таемнае калісьці становіцца відавочным

653

Як кажуць у народзе, шыла ў мяшку не схаваеш. Яно ўсё роўна вытаркнецца.

Так здараецца і з тымі, хто, хаваючыся пад рознымі мянушкамі, чужымі аватаркамі, агрэсіўна стараюцца зняважыць сваіх апанентаў. Гэта робяць тыя, хто не можа аргументаваць свой жыццёвы прынцып яскравымі доказамі, наяўнасцю розуму, хто знаходзіцца на кармленні і мае ад гэтага які-ніякі прыбытак. У той перыяд часу, калі яны адчуваюць сябе ў пэўнай бяспецы, абразы сыплюцца ад іх як з рога багацця. Але ўсё гэтае – да пары да часу. Колькі ні хавайся, ні адчувай сваю недасягальнасць, знойдуць і прымусяць адказваць па ўсёй строгасці закона і не факт, што адміністрацыйнага. Вось прыклад.

У адным з дэструктыўных тэлеграм-каналаў яшчэ зусім нядаўна вельмі актыўнічаў нехта пад нікам «W», «RS» і некаторымі іншымі і адчуваў сябе вельмі вольна. Як толькі гэтая асоба там ні кпіла, якімі фэйкавымі навінамі ні карысталася! Сыпаліся пагрозы ў адрас супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў, праваахоўных органаў, не пазбегнуў абраз і аўтар гэтай калонкі.

Дарэчы, як ні стараўся пісака прытрымлівацца інструкцый з экстрэмісцкіх тэлеграм-памыйніц, што давалі падрабязныя парады, як застацца нябачным, не атрымалася. Яго знайшлі ў Мінску. На дрыжачых ад страху запясцях самкнуліся наручнікі.

Вельмі мне хацелася глянуць хоць адным вокам на гэтага «аніку-воіна», думаў, што там смелы, рашучы змагар, з полымем у сэрцы, з адухоўленым светлым тварам. Калі ж такая магчымасць прадаставілася (мне скінулі спасылку на запіс пакаяння), то я ўбачыў нейкага сівенькага, з бегаючымі вочкамі дзядочка, які дрыжачым галаском прасіў прабачэння, маўляў, ён больш так не будзе, не трэба ніколі і нікому так рабіць.

Скажу праўду, мне стала неяк агіднавата. Дарэчы, колькі ўжо такіх ГУБАЗіК арыштоўваў, і ніводзін з гэтых неверагодных не ўяўляў з сябе нешта годнае. І вось гэты сівенькі чалавечак, прозвішча, якога Плюшчаў, пазіцыяніраваў сябе як «воін святла»? Сапраўды смешна. Колькі ж яшчэ такіх канапных ваяк у нас? Усе яны лічаць сябе добра схаваўшыміся, пад надзейным прыкрыццём інтэрнэту.

Памыляецеся, панове! ГУБАЗіК да вас прыйдзе, рана гэта будзе ці позна. Не трэба гэтага чакаць, лепей пайсці да праваахоўнікаў, пасыпаць свае галовы попелам і папрасіць прабачэння за цэбры бруду, якія вы вылівалі на людзей вам зусім невядомых, якія не чапалі вас ніякім бокам, не псавалі вам жыццё, не выкладвалі асабістыя дадзеныя з фотаздымкамі. «Віна» тых, каго вы стараліся запэцкаць, толькі ў тым, што яны прыкладваюць усе намаганні, каб наша Беларусь была квітнеючай, стабільнай, незалежнай, каб абышлі яе войны, узрушэнні, каб памяць аб гераічным мінулым жыла ў вяках. Не нас вы абражаеце ў сваіх чатах, а толькі сябе. Адказнасць, і даволі жорсткую, прыйдзецца ўсім несці. Нікога не міне сіла Закона.

Першы – пайшоў. Чакаем астатніх.

Віктар Ільюшчанка