Роўна праз тыдзень, у наступную суботу, 17 верасня, Беларусь адзначыць Дзень народнага адзінства.
Узнікненне гэтага свята вяртае нас у 1939 год, калі 17 верасня Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Польшчы (польскі паход) у адпаведнасці з дамоўленасцямі па Сакрэтным пратаколе да Дагавора аб ненападзенні паміж СССР і Германіяй. Пратакол гэты фактычна размяжоўваў зоны ўплыву паміж дзвюма краінамі, якія яго падпісалі.
Вынікамі пахода для Савецкага Саюза стала далучэнне да яго Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Для Беларускай ССР фактычна — уз’яднанне пасля падзелу тэрыторыі па ўмовах Рыжскага дагавора 1921 года, калі заходнія землі Беларусі адышлі да Польшчы.
Цяперашняе пакаленне можа больш даведацца пра жыццё беларусаў пад польскім прыгнётам з твораў класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і іншых. Не салодкім яно было, а горкім, батрацкім. Не мелі права мы, беларусы, у тыя часы людзьмі звацца. У нас аднялі мову, культуру, спрабавалі штучна прывіць польскую. Але, дарэчы, ці чытае сённяшняе пакаленне тыя кнігі, не гаворачы ўжо пра класічную літаратуру?! Сумняваюся. А варта было б!
Дзякуючы ўз’яднанню Беларусі мы змаглі выстаяць і перамагчы разам з іншымі народамі СССР фашысцкую навалу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пераадолелі пасляваенную разруху, узнавілі прамысловасць, сельскую гаспадарку. Беларуская ССР крочыла ў авангардзе рэспублік-сясцёр.
Пераадолелі пасляваенную разруху, узнавілі прамысловасць, сельскую гаспадарку. Беларуская ССР крочыла ў авангардзе рэспублік-сясцёр.
Але існаванне Савецкага Саюза не давала спакойна жыць і спаць натаўскаму Захаду. Змог ён з дапамогай недальнабачных кіраўнікоў разваліць магутную краіну. Пятнаццаць рэспублік-сясцёр разбегліся па сваіх «кватэрах». Кожная пачала будаваць уласнае жыццё. Але і тут англа-саксонскай браціі карцела. Не супакоіліся. Была ў іх асцярога, што замест СССР зможа ўтварыцца нешта новае, больш магутнае.
Як шчупальцы гіганцкага спрута, распаўзліся розныя сорасаўскія фонды, некамерцыйныя арганізацыі (НКА), якія знутры падточвалі арганізмы незалежных краін былога СССР. Хапала іх і ў нашай незалежнай Беларусі. «Дзякуючы» гэтым НКА, перапісвалася гісторыя, паніжалася роля савецкага народа ў справе Вялікай Перамогі.
Памятаю падручнік гісторыі, які з’явіўся ў Беларусі напачатку 90-х гадоў. Такая белая брашурка з чырвонай палоскай пасярэдзіне. Гэтую кніжэнцыю і падручнікам нельга было назваць: вельмі хутка прыходзіла ў непрыдатнасць. Ну, якая гісторыя там была выкладзена, такі і гатунак кнігі. На інтэрпрэтацыі гэтай гісторыі былі выхаваны тыя, хто больш за трыццаць гадоў спрабаваў хістаць уладу. Тую, у большай частцы, хлусню, што нам імкнуліся ўбіць у галаву гэтыя выхаванцы сорасаўскага падручніка, хістальнікі дзяржаўнага ладу прывілі і сваім дзецям. Мэтай некаторых НКА і было раздзяленне грамадства на два бакі і сутыкненне ў процістаянні. Усім вядома, што развязаны венік лягчэй па прутку зламаць. Такое атрымалася зрабіць ва Украіне, Грузіі, Югаславіі, Іраку, Лівіі, Судане…
У Беларусі ж нешта пайшло не так. Чаму? Ды не прыжываюцца ў нас тыя каштоўнасці, якія спрабуюць нам навязаць заходнікі, не можа існаваць нацызм, а тым больш фашызм. У рэспубліцы, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці, жыве памяць, генетычна ў нас закладзена непрыняцце бесчалавечнасці, здрады. Мы ніколі не забудзем урокі той страшэннай вайны і нашчадкам гэта перададзім. Ды і лідар нашай краіны не з пужлівых, ён мае моцны стрыжань. Калі трэба абараніць сваю краіну, свой народ, і зброю можа ўзяць. Разам з ім мы змаглі адстаяць нашу незалежную, моцную Беларусь, адвесці яе ад развалу.
У Рэспубліцы Беларусь няблага суіснуюць побач як праваслаўны храм, так і каталіцкі, дом малітвы, сінагога і мячэць. Нам няма чаго дзяліць на міжканфесійнай, міжнацыянальнай глебе. Мы жылі, жывём і будзем жыць разам, без дзяльбы на «свой» і «чужы». Мы можам не толькі добра працаваць, але, як трэба, і святкаваць. У нас мноства розных традыцый. Адной з такіх становіцца святкаванне Дня народнага адзінства. 17 верасня гэтае важнае для нашай рэспублікі свята сустрэнем як мае быць. Калі мы разам, мы — непераможныя.
Віктар Ільюшчанка