Зусім хутка прыйдзе да нас светлае свята – Дзень Перамогі.
З кожным годам становіцца ўсё менш самых галоўных удзельнікаў свята – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Час няўмольны, ён робіць сваю справу: героі той страшэннай вайны адыходзяць у вечнасць. Таму святы абавязак для нас, іх нашчадкаў, зрабіць так, каб памяць аб неўміручым подзвігу жыла ў вяках.
Мы павінны перадаць іх наказ сваім нашчадкам – захаваць мірную, квітнеючую Беларусь, каб ніводзін бот ворага не ступіў на нашу зямлю, каб фашысцкая гідота не адрадзілася, не набрала сілу і моц. І гэта мы ўсе разам і зробім.
У святы для кожнага для нас дзень 9 Мая мы збярэмся разам, каб аддаць даніну павагі нашым дарагім воінам Вялікай Айчыннай вайны. Тым, хто з намі разам, і тым, каго ўжо няма: загінулым, памерлым пасля вайны, усім, хто здабываў Перамогу.
Стала ўжо добрай традыцыяй у гэты дзень праводзіць рэспубліканскую акцыю «Беларусь памятае». Гэта аналаг «Бессмяротнага палка», што праходзіць маршам у Расійскай Федэрацыі. Нашчадкі герояў Вялікай Айчыннай вайны выходзяць з партрэтамі воінаў-вызваліцеляў і нясуць іх у святочным страі.
Раней гэтую місію даручалі дзецям. Але, мне здаецца, што трэба гэтую акцыю перайначыць. Трэба, каб кожны з родных нашых герояў узяў у рукі фотакартку, партрэт свайго блізкага чалавека: бацькі, дзеда, прадзеда альбо маці, бабулі, прабабулі, стаў у вялікі строй і пранёс фотаздымак па вуліцах нашага горада. Гэты строй павінен быць вялікім, як рака, напоўнены любоўю, памяццю і ўдзячнасцю за тое, што мы жывём у мірнай Беларусі.
Гэта будзе наш адказ тым, хто прыкладае вялікія намаганні, каб мы пазбавіліся сваёй гісторыі, абясцэнілі годнае мінулае нашага народа, краіны. Гэтага не будзе. Беларусы такое не дапусцяць, не дадуць спаганіць сваю памяць. Гісторыю сваёй Айчыны будзем берагчы свята.
У мяне захоўваецца ў электронным выглядзе фотаздымак майго дзядулі Данііла Іосіфавіча Караткевіча, які загінуў у 1944 годзе, арыгінал у яго дачкі, маёй цётачкі Валянціны Данілаўны.
Павялічаную копію фотакарткі дзеда вось ужо колькі год у свята 9 Мая нясуць па вуліцах гарадскога пасёлка Карма (раённага цэнтра, што ў Гомельскай вобласці). Адсюль ён прызываўся на вайну, пакінуўшы чакаць жонку і чатырох дачок. У вёску Востраў Кармянскага раёна прыйшла толькі пахаванка. А колькі такіх фотакартак у кожнай сям‘і… Упэўнены, што шмат.
Напрыканцы свайго невялічкага роздуму заклікаю ўсіх пружанцаў выйсці 9 мая з фотаздымкамі сваіх герояў. Давайце падорым ім бессмяротнасць!
Віктар Ільюшчанка