Ва ўсе часы ў розных населеных пунктах рыначная плошча была цэнтрам культурных, гандлёвых і асабістых зносін. Тут заключаліся розныя здзелкі, можна было купіць і прадаць, што хочаш. Шмат дзе засталося так і ў наш час. А як у Пружанах?

Калі сказаць праўдзіва, то ніяк. Колькі разоў у базарны дзень — а ў Пружанах гэта нядзеля — даводзілася бываць на цэнтральным рынку, і заўсёды з вялікім расчараваннем ішоў назад. Велізарная рыначная плошча была амаль пустой. Не, стаялі тут гаспадыні з гаспадарамі, якія прапаноўвалі размешчаныя на прыстасаваных скрынях садавіну, агародніну, саджанцы кветак і некаторыя іншыя тавары. Прылаўкі, якія стаць непадалёк, цалкам запоўненымі не былі. Ці заўсёды было так бедна на тавары і гандляроў? Гэтае пытанне я задаваў многім. Аказваецца — не.
Можа, яшчэ гадоў сем таму на базары не было дзе яблыку ўпасці. Стаялі тут палаткі з адзеннем, абуткам, гандлявалі і рознымі запчасткамі, ураджай са сваіх агародаў прывозілі сюды гаспадары, а на прылаўках крытага павільёна прапаноўвалася мясная прадукцыя і многае іншае. Чаму зараз усё неяк сышло, чаму не шуміць базар?
Між іншым, у Пружанах асабліва і няма прапаноў набыць рознае адзенне, абутак па гусце. Калі з жаночым яшчэ больш-менш нармальна, то мужчынскі асартымент вельмі бедны. Таму і едуць нашы гараджане ў суседнія райцэнтры, там затаварваюцца. Заадно сваім дзецям ладзяць забаўляльную праграму: там усё гэта ёсць. Але не кожны можа дазволіць сабе такое — найперш уладальнікі аўтамабіляў. Ехаць жа на міжгароднім транспарце не вельмі зручна. Таму і даводзіцца браць тое, што прапануюць нашы адзінкавыя «буцікі» індывідуальных прадпрымальнікаў. Мясцовы ж універмаг такога не прапануе…
Дарэчы, назва «буцік», якая прысвоена гандлёвым крамкам, даволі гучная, але не заўсёды адпавядае свайму назначэнню. Звычайна ў буціках прапаноўваецца адзінкавы тавар — модны, дарагі, вельмі якасны. Пра якасць жа многага (не скажу ўсяго), што прапануюць нашы «буцікі», можна паспрачацца. Напрыклад, не так даўно набыў штаны, якія больш-менш прыйшліся даспадобы, і мала таго, што давялося ў атэлье падганяць іх пад свой рост, дык яшчэ аказалася, што ўнутраная частка адной з кішэняў прышыта да бакавога шва. Ну, калі адразу гэтую недарэчнасць не заўважыў, то сам і вінаваты. Пра ніткі, якія тырчаць у розных нечаканых месцах, пра якасць саміх швоў я ўжо маўчу…
Аднак размова ў нас пра мясцовы рынак. Ну, дык вось. Чаму ж такая вялізная плошча не задзейнічана ў поўнай меры? Чаму б тут не арганізаваць дробнааптовы гандаль сельгаспрадукцыяй, якая вырашчана ў фермерскіх гаспадарках, акцыянерных таварыствах? Зразумела, што трэба ўключыць прадпрымальніцкі талент, калі ён, праўда, ёсць, або паспрабаваць усё ж знайсці яго. Няўжо гэта немагчыма? Зразумела, што наўрад ці вернуцца сюды з “буцікоў” гандляры адзеннем і абуткам. Іх можна зразумець: не кожнаму хочацца стаяць у халады тут, ды і пакупнікам прымяраць рэчы нязручна. Значыць, трэба арганізаваць што-небудзь іншае. Але што?
Як зрабіць так, каб і ў Пружанах шумеў вялікі базар? Калі ён патрэбны нам, канечне. Пытанне рытарычнае, але даволі важнае. Чакаем прапановы ад вас, шаноўныя чытачы.
Віктар Ільюшчанка