Понедельник, 21 апреля 2025

Калонка галоўнага рэдактара. «Сляпое кацяня» ці ведаў пра ўсё?

256

Навіна пра затрымку на граніцы Беларусі і Польшчы вялікай кантрабанды прайшла б непрыкметна, калі б не складаючая кантрабанднага груза.

Грамадзянін нашай краіны на мікрааўтобусе з малдаўскімі нумарнымі знакамі перавозіў амаль 600 кг выбуховага пластычнага рэчыва. Пасля лабараторнага даследавання Брэсцкай мытняй было вызначана, што за абшыўкай машыны знаходзіўся так званы пластыт — выбуховае рэчыва. Па сцвярджэнні экспертаў, аднаго кілаграма такой узрыўчаткі дастаткова, каб ператварыць у смецце шматпавярховы дом. У машыне ж гэтай «смерці» хапіла б на сотні такіх дамоў.

Што цікава, мікрааўтобус рухаўся з Літвы праз Польшчу, пераадолеў даволі значную колькасць кіламетраў, і нікога не зацікавіў груз. На думку спецыялістаў, схованку рабілі прафесіяналы сваёй справы. Змесціва акуратным пластом размеркавалі па днішчы і сценках кузава, прафесійна абшылі ізаляцыяй, апрацавалі сродкам, які адбівае нюх службовых сабак. Па словах ваеннага эксперта, усё гэта не магло абысціся без удзелу зацікаўленых спецслужбаў адной альбо некалькіх замежных дзяржаў. Затрымалі небяспечнае аўто амаль на фінальнай стадыі выканання задуманага. Мяркуецца, што такая колькасць узрыўчаткі прызначалася для падрыву Крымскага моста або для серыі тэрактаў у дзень святкавання Вялікай Перамогі.

Зараз беларускія крыміналісты праводзяць расследаванне, вядзецца допыт вадзіцеля, які ледзь не бажыцца, што не ведаў, чым напоўнены аўтатранспарт. Мужчына доўгі час займаецца перагонам аўтамабіляў. Вось і гэтае аўто яго папрасіў даставіць у Расію знаёмы. Дзе знаёмы яго ўзяў, высветліць следства. Ланцужок будзе доўгім.

Магчыма, што перагоншчыка выкарыстоўвалі ўсляпую, як кацяня. Так гэта ці не, таксама змогуць высветліць кампетэнтныя органы, а не «канапныя эксперты», якія сталі ўжо даваць свае заключэнні. Некаторыя нават кажуць, што гэта фэйк ад спецслужбаў. Не трапіць бы вам пад сапраўдную выбуховую хвалю такога фэйка. Мне толькі незразумела адно: як можна браць на сябе такую рызыку, уключаць усёабдымную даверлівасць і не праверыць, што вязеш? Ці грошы не маюць паху, ці адмовіцца было немагчыма? Здаецца, прайшлі тыя часы, калі людзі перавозілі нейкія перадачы ад знаёмых і зусім незнаёмых людзей, нават без узнагароджання. У наш час сто разоў падумаеш, перад тым, як правезці «перадачку». Ці мала што там можа быць: наркотыкі, атрута, узрыўчатка… Колькі адзначалася выпадкаў, калі перавозчыкі ні за што траплялі за краты, неслі пакаранне за сваю даверлівасць. Да 11 гадоў пазбаўлення волі пагражае і перавозчыку пластыту. Добра, калі ўдасца даказаць, што ён не пры справе. Але ўсё роўна пакаранне нейкае будзе.

Дык «сляпое кацяня» ці не? Сочым за ходам расследавання.

Віктар Ільюшчанка