Воскресенье, 19 января 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Разважанні на тэму Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі

190

Сёння адзначаецца 107-я гадавіна Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дата не круглая, не юбілейная, але ўсё ж для многіх людзей — гістарычная, яскравая і, нават, настальгічная.

Моладзь, хутчэй за ўсё, у сваёй большасці і не раскажа, чаму ж 7 лістапада адзначаецца як дзяржаўнае свята, калі ёсць дадатковы выхадны, каб адпачыць і не ісці на вучобу, працу. Можна гэты дзень правесці з сям’ёй, арганізаваць культурны адпачынак. Беларусь — адна з нямногіх краін свету, дзе Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Раней, пры Савецкім Саюзе, назва свята ўтрымлівала яшчэ адно слова — «Вялікая». З цягам часу веліч падзеі страцілася, заваёвы рэвалюцыі сталі пераглядацца, ставіцца пад сумненне, многія з іх пачалі ачарняць. Можа, у нейкім сэнсе «ачарніцелі» і маюць крыху рацыі. Але ж у тыя часы, калі «вярхі не хацелі жыць па-новаму, а нізы — па-старому», пазбегнуць перавароту было немагчыма. Вялікія перамены былі патрэбны. Гэта і зрабілі рабочыя і сяляне, салдаты і матросы на чале з Уладзімірам Ільічом Леніным.

Не буду аналізаваць, якой цаной і пры якіх умовах стваралася першая ў свеце краіна Саветаў, колькі прыйшлося перажыць, ствараць, ваяваць. Але з разбуранай грамадзянскай вайной, галоднай, амаль неадукаванай краіны стварылі мацнейшую, развітую, магутную. Мы разам будавалі Магнітку, БАМ, асвойвалі цалінныя землі, пакаралі касмічную прастору, разам з тым процістаялі ворагам. Нас не змог растаптаць фашысцкі бот. Мы перамаглі не тольккі гітлераўскую Германію, але і мілітарысцкую Японію. Гераізм савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне нельга пераацаніць, памяць подзвігу павінна жыць у вяках.

Беларускаму народу пашанцавала абраць свой шлях развіцця, падмурак якога закладзены ў кастрычніку 1917 года. Кіраўніцтва нашай дзяржавы разам з беларускім народам не дала прыватызаваць землі, прамысловыя прадпрыемствы, не пайшло на повадзе сусветнага капіталу. Наш шлях правільны. У гэтым мы ўпэўнены.

Гісторыя ніколі не даруе, калі яе спрабуюць перарабіць, перапісаць, падладзіць пад кан’юктуру рынку. Той, хто спрабуе зрабіць такое перайначанне, церпіць крах. Так будзе заўсёды. Гэта вялікі Закон светабудовы.

Віктар Ільюшчанка