Понедельник, 16 сентября 2024

Калонка галоўнага рэдактара. «Раённыя будні» ў любым фармаце будуць з чытачамі

245

Прайшоў даволі насычаны рознымі падзеямі 2022 год. Час падводзіць вынікі.

Для Пружаншчыны мінулы год быў ураджайны і малочны. Аб тым, што наш раён спрацаваў у гэтым плане добра, гаварыў падчас візіту Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік краіны наогул адзначыў Брэсцкі рэгіён як адзін з лепшых. Такая высокая ацэнка не можа не радаваць.

Нельга не адзначыць, што вялікую ролю ў эканамічным дабрабыце Пружанскага раёна адыгралі вытворчыя прадпрыемствы, дарожная, камунальная службы і іншыя арганізацыі, установы. Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч нікому не даў адсядзецца ў цяньку, гультайнічаць. Адным з дэвізаў кіраўніка раённай вертыкалі ўлады стаў наступны: «Грошы трэба зарабляць, а не атрымліваць». І гэта зразумелі ўсе. У нас добраўпарадкоўваліся дарогі, наводзіўся парадак на вуліцах, у дварах. Работы яшчэ шмат, але можна выказаць упэўненасць, што ўсё намечанае будзе зроблена. Вырастуць і карпусы кансервавага завода з філіяламі ў гарадах краіны, з’явяцца рабочыя месцы, медыцынскія паслугі пашырацца, знойдзецца, чым заняцца дзецям і моладзі на сучаснай скейт-пляцоўцы, гарадскі парк прыме новае аблічча… Усё гэта ажыццявіма.

Калектыў рэдакцыі раённай газеты таксама ўносіў свой уклад у дабрабыт Пружаншчыны. Як друкаваная газета, так і інтэрнэт-рэсурсы стараліся аператыўна інфармаваць сваіх падпісчыкаў, чытачоў аб здабытках і праблемах раёна, якіх таксама нямала.

З-за павышэння кошту на друкаванае выданне няпростай была падпісная кампанія на першае паўгодзе 2023 года. Калектыў рэдакцыі пастараецца зацікавіць нашых калісьці адданых падпісчыкаў змястоўнымі матэрыяламі. Будзе працягвацца і нават пашырыцца былая сувязь з чытачамі. На працягу года ў кожным сельсавеце мы плануем праводзіць выязныя планёркі творчага калектыву рэдакцыі. Там будзем расказваць пра газету, інтэрнэт-рэсурсы, выслухоўваць прапановы, пажаданні, дапамагаць вырашаць праблемы, адказваць на пытанні. Першым у нашым маршруце стане Ружанскі сельсавет. З актывам і насельніцтвам творчы калектыў рэдакцыі сустрэнецца ў сярэдзіне лютага. Пра канкрэтную дату гэтага мерапрыемства мы паведамім у газеце, месенджарах і сацыяльных сетках. Упэўнены, што кожны нумар газеты нашы падпісчыкі будуць чытаць з цікавасцю, як кажуць, ад вокладкі да вокладкі.

Нядаўна на імя старшыні Брэсцкага аблвыканкама Юрыя Шулейкі прыйшоў ліст Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пярцова. У ім адзначаецца, што Міністэрства інфармацыі правяло маніторынг асвятлення ў СМІ Брэсцкай вобласці тэмы аварыйнага адключэння помпавага абсталявання каналізацыйнай помпавай станцыі ў горадзе Пружаны, якая адбылася 16 студзеня, і адзначыла аператыўную работу рэдакцыі газеты «Раённыя будні». Выданне першым з усіх дзяржаўных СМІ заявіла ў сваім тэлеграм-канале аб аварыі ўжо праз гадзіну пасля здарэння і на працягу наступных трох сутак падрабязна інфармавала насельніцтва аб кропках падвозу вады, размяшчэння біятуалетаў і іншых важных момантах, неабходных для жыцця і быту людзей, публікавала зводкі камунальных службаў і каментарыі мясцовых улад. Было адзначана, што толькі праз 8 гадзін навіну нашай «раёнкі» сталі дубліраваць недзяржаўныя СМІ, а таксама і экстрэмісцкі настроеныя рэсурсы. Было выказана меркаванне, што падыход «Раённых будняў» да асвятлення тэмы можа быць прыкладам арганізацыі інфармацыйнай работы і для іншых «раёнак» Брэсцкай вобласці.

Напрыканцы скажу, што калектыў нашай газеты будзе і надалей так працаваць не дзеля таго, каб нас кіраўніцтва заўважыла, а для зручнасці і аператыўнага інфармавання жыхароў Пружанскага раёна.

Віктар Ільюшчанка