Дзіцячая душа. Яна такая пластычная, мякчэй за пластылін. Ляпі з яе, што хочаш. Але калі скульптар мае злачынныя намеры, то і вылепіць з яе такога ж злачынцу.
Пацверджаннем маёй думкі з’яўляюцца недаўнія падзеі, якія хваляй паімкнуліся пракаціцца па Беларусі. Але папярэдзілі гэтае своеасаблівае цунамі праваахоўныя органы, якія дзень і ноч ахоўваюць правапарадак, спакой законапаслухмяных грамадзян.
А перадгісторыя такая. У інтэрнэт-прасторы Украіны, Расіі, а потым і Беларусі пачала распаўсюджвацца новая маладзёжная субкультура, якая мае назву ПВК «Рёдан» (яна з’явілася ў якасці пераймання японскай мультыплікацыі аб злачыннай групоўцы «Геней Рёдан»). На першы погляд здавалася, што спачатку ўдзельнікі субкультуры пазіцыянавалі сябе як барацьбіты за мір. Такое вось новае пакаленне павукоў з доблеснымі намерамі, прыстойнымі думкамі, якія шукаюць новых сяброў і не збіраюцца ні з кім канфліктаваць. Своеасаблівым пастом у пабліках «рёданаўцаў» было: «Мы за мір ва ўсім свеце». Добрыя намеры? Так.
Даволі хутка субкультура пачала распаўсюджвацца. Толькі ў Telegram-канале зарэгістравана больш за мільён яе прыхільнікаў. Іх распазнаць даволі лёгка. Яны своеасабліва апранаюцца, прыдумалі сваю ўніформу: шырокія штаны ў клетку ці чорнае адзенне з вялізным павуком, на якім намалявана чацвёрка, доўгія валасы фарбуюць у чорны колер.
І вось гэтыя «мірныя» хлопцы і дзяўчаты, пачалі праяўляць агрэсію. Адкуль яна ўзялася? Як кажуць праваахоўнікі, ніткі павуціння цягнуцца ў Кіеў. Адтуль распаўсюджвалася правакацыя нейкага «Кіра Чвкрэданава» з заклікам забіваць скінхедаў. Гэтым «Кірам» аказалася дзяўчына — жыхарка Кіева. Былі і іншыя правакатары, адзін з іх мае аватарку з партрэтам Уладзіміра Зяленскага. Гэты ананім правакаваў ужо іншых знішчаць «рёданаўцаў». Моладзі толькі дай нагоду, падбухтор — і вось ужо малады тэмперамент пачынае разгарацца. Хвалі боек у гандлёвых цэнтрах пракаціліся па Украіне, Расіі і, як мы казалі крыху раней, дайшлі і да Беларусі.
У Гомелі ў адным з гандлёвых цэнтраў пачалі збірацца маладыя людзі з вічаводна нядобрымі намерамі. Але праваахоўнікі не далі запалаць канфлікту, не дапусцілі нашы доблесныя міліцыянеры бойкі, якая магла б прывесці да вельмі журботнага выніку. Каля 200 чалавек было затрымана, з іх 180 — падлеткі, астатнія — дарослыя. Непаўналетнія будуць узяты на ўлік камісіяй па справах непаўналетніх. Іх бацькі таксама будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Органы правапарадку папярэдзілі сутычкі ў Брэсце. Гэта добра, што злачынства не адбылося. Ці надоўга?
Зразумела, што моладзь заўсёды рабіла спробы самавыяўляцца рознымі спосабамі. Добра, калі яны бяскрыўдныя. Калі ж нясуць небяспеку сабе, родным, гамадству, то тут трэба біць у званы. Мабілізоўвацца і рабіць намаганні, каб адцягнуць ад непапраўнага. Бацькам — цікавіцца захапленнямі дзяцей, кантраляваць падпіскі на сайты, старонкі, групы, каналы. І не хачу слухаць выказванні тых, што гэтым мы парушаем свабоду моладзі. Хай спачатку вырастуць, вызначаць свой жыццёвы шлях, стануць трывала на ногі. А дапамагчы з гэтым трэба нам — дарослым. Бо не бачыць нам будучыні, калі нашы нашчадкі будуць як сляпыя кацяняты ісці за «сінімі кітамі», «павукамі», «готамі» і іншымі субкультурным хламам, які актыўна насаджвае нам захад.
Віктар Ільюшчанка