Крыху перарабіўшы радкі з песні кампазітара Георгія Маўсесяна на словы Роберта Раждзественскага «Память, память, за собою позови…», хачу акцэнтаваць увагу чытачоў на памяці аб гераічным мінулым нашага народа, на захаванні, замацаванні подзвігу салдата Вялікай Перамогі. Для гэтага трэба працаваць з моладдзю, тлумачыць, расказваць праўду.
Патрыятычнае выхаванне зараз набірае абароты. Вось адзін з прыкладаў.
На гэтым тыдні для моладзі ў сацыяльнай сетцы Instagram праводзіўся прамы эфір, прысвечаны тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і захаванні гістарычнай памяці. Арганізатарам эфіру выступіў цэнтральны камітэт грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Маладзёжная арганізацыя супрацоўнічае з інстытутам права нашай краіны. Накіравана гэтае супрацоўніцтва на ўмацаванне прававых арыенціраў моладзі. Прамыя эфіры — адна з форм плённага супрацоўніцтва. Як расказала прадстаўнік цэнтральнага камітэта Антаніна Варановіч, сёння важна, каб наша моладзь валодала неабходнымі ведамі і стала галоўным правадніком гістарычнай памяці і праўды. У год 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў кожная сустрэча з моладдзю павінна быць накіравана на абарону фундаментальных каштоўнасцей беларускага народа.
У прамым эфіры ў Instagram, пра які я распавядаю, маладыя людзі мелі магчымасць сустрэцца з палкоўнікам юстыцыі, старшым выкладчыкам кафедры кіравання арганізацыі папярэдняга следства Інстытута Следчага камітэта Яўгенам Талаем, задаць яму хвалюючыя пытанні.
Магчымасцей праводзіць патрыятычнае выхаванне моладзі даволі многа, гэта і ўрокі мужнасці, і паказ дакументальных фільмаў, і ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах…
Кажуць, моладзь як губка ўбірае ў сябе тое, чаму вучаць дарослыя. Радасна, калі вучаць яе дабру, праўдзе, а не вывернутай, падбудаванай пад сябе гісторыі, дзе героямі робяць не салдат Вялікай Перамогі, а калабарацыяністаў, здраднікаў, нацыстаў. Жывы прыклад — нашы суседзі, якія арганізоўваюць фашысцкія шэсці, вучаць дзяцей забойству па нейкіх этнічных прыкметах, не любові, а нянавісці. Там зрабілі ўсё, каб вынікі Вялікай Айчыннай вайны былі забытыя, подзвіг савецкага салдата пераўтварыўся ў ганьбу. Дзякуй Богу, у нас гэтага няма. Дзякуючы нашай знешняй і ўнутранай палітыцы мы гэтага не дапусцім, зробім усё, каб наша памяць засталася з намі. Яе мы будзем несці і, як святую іскрынку, перадаваць з пакалення ў пакаленне.
Віктар Ільюшчанка