Воскресенье, 13 июля 2025

Калонка галоўнага рэдактара: Палёты ў сне і наяве

481

У народзе кажуць: «Добра там, дзе нас няма». Там, дзе мы не былі, здаецца, і паветра мае пах свабоды, і жыццё лепшае, і грошы сыплюцца з нябёсаў. Як жывецца беларусам у той жа Польшчы: тым, хто паехаў на заробкі, і тым, хто так захацеў лічыцца палітычным бежанцам? У гэтым і паспрабуем разабрацца.

Добра мне знаёмы Андрэй у суседнюю краіну Еўрасаюза ездзіў на заробкі даўно. Ён спачатку працаваў на заводзе па вырабе кандыцыянераў. Па паўгода, а іншы раз і болей, не бачылі хлопца родныя. «Злотыя, якія плацілі, нялёгка даваліся, — расказваў Андрэй. — Працаваць прыходзілася па 12 гадзін. Мне яшчэ пашанцавала, уладальнік прадпрыемства аказаўся прыстойным, забяспечыў сацыяльным пакетам і медыцынскай страхоўкай. Ды гэта было да той пары, пакуль лакдаўн не ўвялі з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі. На гэтым усё і скончылася». Хлопец паспрабаваў знайсці іншую работу, але, калі яна і траплялася, то з такімі кабальнымі ўмовамі, што моцы ўсё гэта вытрымаць не было. Увесь заробак ішоў на аплату жылля, медыцынскія паслугі і на вельмі бедную ежу. Андрэй сабраў сваю спартыўную сумку з рэчамі і вярнуўся на радзіму. Больш за мяжу не збіраецца, знайшоў сябе справу і дома.

Вось другі прыклад. Сям’я заходніх украінцаў з трох чалавек напрыканцы 90-х гадоў прыехала ў Беларусь у пошуку лепшага жыцця. На малой радзіме не было ні работы, ні жылля, ні перспектывы. Ён — музыкант, яна — выкладчык танцаў. Прынялі іх добра, прадаставілі кваліфікаваную работу, кватэру з усімі выгодамі, дачцэ — месца ў дзіцячым садку. Цяжка было ім спачатку, адзенне мелі толькі тое, у чым прыехалі. Я стараўся дапамагчы нейкімі прадуктамі. Скажу, што хутка ўкраінская сям’я стала на ногі, завяла «патрэбныя» знаёмствы. Неўзабаве галаве сямейства прапанавалі стаць дырэктарам школы мастацтваў у адным з райцэнтраў Міншчыны. І ўсё б нічога, калі б мужчына не адчуў сябе вельмі важнай персонай. Пасля жніўня 2020 года ён прымкнуў да бчб-руху, пачаў усялякія пасквілі ў інфапамыйках пісаць. Папрасілі сямейку пакінуць межы нашай краіны. Не, каб паехаць на сваю малую радзіму — заходнюю Украіну, махнулі ў Польшчу. Думалі, там таксама ім усё будзе. У выніку зараз ныюць, скардзяцца, як дрэнна жывецца, локаць укусілі б, ды не дастаць. Як хутка ўсё добрае забываецца… Якімі галадранцамі прыехалі і кім сталі. Усё гэта давалася ім зусім бясплатна.

Ведаю і многіх беларусаў, якія так «пакутавалі» ў нас, так хацелася ім дыхаць паветрам свабоды, купацца ў еўрапейскай раскошы, што махнулі таксама ў Польшчу з лямантам: «Ратуйце ад прыгнёту». Адтуль пачалі ліць на Радзіму цэбар бруду. Спачатку плацілі ім за здрадніцтва. Але нядоўга. Паток «пянёндзаў» хутка стаў пераўтварацца ў ручай, а зараз гэта толькі рэдкія кроплі. Ды і за тыя гаспадары патрабуюць дзейснай адпрацоўкі. Яно зразумела, інфляцыя ў суседняй краіне Еўрасаюза перавысіла 12 працэнтаў. Цэны ўзраслі ўдвая, аплата за камуналку — таксама. Хто ж яшчэ такіх нахлебнікаў неверагодных будзе за проста так трымаць? Узвылі ўцекачы, усё больш і больш паглядаюць у бок беларускай мяжы, дадому цягне. Лётаць добра ў сне, наяве — вельмі балюча падаць на зямлю. Ды і здраднікаў нідзе не любяць, імі часова карыстаюцца, а потым — выкідваюць на сметнік.

Віктар Ільюшчанка