Воскресенье, 20 апреля 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Пагулялі з жывой цацкай і выкінулі?..

276

Ужо колькі разоў у «раёнцы» публікаваліся матэрыялы аб адказнасці людзей за братоў нашых меншых, якіх мы бяром маленькімі шчанюкамі, кацянятамі, нагуляемся, пасля выкідваем.

Бессардэчнасць прагрэсіруе. Бо як растлумачыць той факт, што колькасць бяздомных сабак і катоў расце, нягледзячы на тое, што камунальная служба робіць спробы рэгуляваць колькасць жывёлы.

У інтэрнэце, як цяпер кажуць «завірусілася» навіна пра тое, як сабака чакае сваіх гаспадароў, якія прывезлі яго аднекуль і выкінулі з машыны на ўскрайку вёскі. Там жывёла зараз і знаходзіцца, не адыходзячы ні на метр, нягледзячы на халоднае надвор’е. Да сябе нікога не падпускае, але ежу прымае, спрабуе падтрымліваць свае сілы, каб дачакацца родных яму людзей. Людзі ж прыехалі і выкінулі сабаку не толькі з машыны, але і з свайго сэрца і жыцця.

Вялікі рамантык Антуан дэ Сент-Экзюперы ў сваёй прыгожай казцы «Маленькі прынц» выказаў фразу, якая ўжо стала крылатай: «Мы ў адказнасці за тых, каго прыручылі…» Ці заўсёды мы нясём, няхай не маральную, хаця б адміністрацыйную, адказнасць за тых, каго прыручылі?

Даволі працяглы час у Беларусі не маглі прыняць заканадаўства аб пакаранні за жорсткае абыходжанне з жывёлай. Але не так даўно, нарэшце, прынялі. Зараз за жорсткае абыходжанне з жывёлай максімальная крымінальная адказнасць складае тры гады. Таксама прадугледжанны грамадскія работы і штрафныя санкцыі. Не ведаю, ці можна да артыкула 339-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь аднесці тыя факты, калі жывёлу проста выганяюць з дома, вывозяць, як кажуць, у чыстае поле, пакідаюць без ежы і догляду. Але няблага было б, каб і за гэта прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. Жывёліна, якая засталася без звыклай штодзённай ежы, пачынае сама шукаць ежу. Не знайшоўшы, можа рабіць напады, збіўшыся ў зграі, не толькі на дзічыну, але і на людзей. Дзякуй Богу, у нас яшчэ такія выпадкі не рэгістраваліся. Але людзі скардзяцца, што палохаюць іх такія зграі. І не дзіўна. Ніхто не адкажа за далейшыя паводзіны зграі, асабліва, калі пачынаюцца так званыя «сабачыя вяселлі».

Я звязаўся з нашай камунальнай службай, каб высветліць, калі адлоўліваюць такіх бяздомных жывёл, ці ёсць прытулак? Як мне расказалі, прытулак ёсць, але як яго ўтрымліваць!? Зараз там знаходзіцца адзін нічыйны сабака. Яго кормяць супрацоўнікі КУВП «Камунальнік» тым, хто што з дому прынясе. Але калі пастаяльцаў стане больш, наўрад ці змогуць агульна іх выкарміць.

Каб адрэгуляваць колькасць бяздомных жывёл, робіцца і так званы адстрэл, але не кулямі, а спецыяльнымі прэпаратамі, якія прымушаюць жывёлу заснуць назаўсёды.

Жывёльныя праблемы ўтвараюць не толькі тыя, хто выкідвае выхаванцаў на вуліцу, але і вельмі ўлюбёныя ў сваіх пітомцаў гаспадары. Яны выгульваюць сваіх пёсікаў не заўсёды на ланцужках і з наморднікамі. А яшчэ не клапоцяцца аб тым, каб прыбраць адыходы жыццядзейнасці сваіх жывёл. Думаю, што нярэдка жыхары нашага горада натыкаліся на такія вось «закладзеныя міны».

Зоны для выгулу жывёлы ў Пружанах вызначаны ў раёне цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ) і за магазінам «Хіт» у раёне вуліцы 8 Сакавіка. Але наўрад ці хто гэтымі месцамі карыстаецца. І яшчэ: пры вышыні вашага гадаванца больш за 25 санцыметраў у карку, трэба браць яго на павадок і надзяваць наморднік. А яшчэ пры выгуле браць з сабой поліэтыленавы мяшочак і савок, каб прыбіраць за сабакам.

Маючы вушы — ды пачуе, маючы вочы —ды прачытае!

Віктар Ільюшчанка