Суббота, 17 января 2026

Калонка галоўнага рэдактара. Пачым фунт ліха?

374

На такое, здавалася, несур’ёзнае пытанне ёсць адказ. Пра «кошт ліха» ведаюць толькі тыя, хто ім гандлюе і робіць спробу набыць.

Аб чым гэта я? На карце свету з’явіліся яшчэ дзве вельмі гарачыя кропкі: Іран і Ізраіль. Канфлікт паміж гэтымі рэгіянальнымі дзяржавамі тлеў даўно, але яго стараліся не раздзімаць, хаця вугалёк некаторыя зацікаўленыя ўсё ж падкідвалі.

Не буду паглыбляцца ў гісторыю канфлікту дзвюх краін, скажу адно, што сусветнае закуліссе толькі па ім вядомай прычыне спецыяльна нацкоўвае адну дзяржаву на другую і — наадварот. Сусвет ніколі так блізка не быў да ядзернага апакаліпсісу, як у цяперашні час. Нехта скажа, што ў гэтых краінах няма ядзернай зброі. Ізраіль ні сцвярджае, ні абвяргае наяўнасць яе. Але, у свой час, чацвёрты Прэм’ер-міністр яўрэйскай дзяржавы Голда Меер казала, што ядзернай зброі ў іх няма, але, калі трэба будзе, яе прыменяць. Рабіце вывады самі. Іран жа яшчэ не стварыў такую зброю, але даволі блізкі да гэтага. Мэта Ізраіля знішчыць ядзерныя магутнасці Ірана, цэнтрыфугі, рэактары, дзе ўзбагачаюць уран. Аднак звычайнай зброяй іх не дастаць, бо вытворчасць знаходзіцца глыбока пад зямлёй у гарыстай мясцовасці. Для гэтага трэба спецыяльныя бомбы для знішчэння бункераў. Такіх у Ізраіля няма, але ёсць у ЗША, напрыклад, 13,6-тонная бомба GBU-57. Запрос на яе атрыманне Ізраіль зрабіў. Аднак Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пакуль устрымліваецца ад станоўчага рашэння. Не будзем варажыць на кафейнай гушчы: дасць — не дасць, прыменяць — не прыменяць. Як казаў Папандопула з фільма «Вяселле ў Малінаўцы»: «Мы на парозе вялікага шухеру». Нешта будзе. Ды не зразумець што. Пакуль жа палітыкі са сваімі амбіцыямі ніяк не прыйдуць да пагаднення, гінуць мірныя людзі, руйнуюцца гарады, пераўтвараюцца ў пыл помнікі гісторыі, пад пагрозай існаванне самаго чалавецтва.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў кастрычніку 2023 года не выключыў, што трэцяя сусветная вайна можа пачацца на Блізкім Усходзе, калі Ізраіль пачне ваяваць с Іранам. Як тады адзначыў лідар Беларусі, што сёння ўжо не Іран «торгае» Ізраіль, а наадварот. Няма дакладнага прагнозу, чым закончыцца гэты канфлікт. А вайна паміж суседнімі дзяржавамі ўжо пачалася. Беларусь заклікае сесці за стол мірных перамоў.

Няўжо сусветнае закуліссе спадзяецца, што застанецца ў жывых у сваіх камфартабельных бункерах? Не, памруць усе, нічога не застанецца. Дык чаму ж нельга жыць у міры, будаваць гарады, расціць дзяцей, радавацца сонейку, чыстаму небу, журчанню ручаю, дажджу…? Няўжо імгненыя грошы, якія на той свет не забярэш, так засцяць вочы?

У сацыяльных сетках інтэрнэта, забыўшыся пра Украіну, ідуць свае «канапныя войны». Нехта ўсёй душой хварэе за Іран, нехта — за Ізраіль. Думкі раздзяліліся амаль пяцьдзесят на пяцьдзесят. Першыя жадаюць смерці адным, другія — іншым. Адно не разумеюць, што ні выйграўшых, ні прайграўшых не будзе. Маючыя розум — схамянуцца! Але фунт таго ліха мае сваю цану. Ці не так?

Віктар Ільюшчанка